Кулуарная барацьба ў беларускім спорце працягваецца


Беларускі футбол апошнім часам не перастае калаціць ліхаманка. Гэтаю восенню мы зноў не ўбачым беларускіх клубаў у групавых раўндах Еўракубкаў. Апошнім напярэдадні вылецеў адтуль барысаўскі БАТЭ. У нашай нацыянальнай зборнай новы галоўны трэнер, іспанец Карлас Фэрэр. У футбольнай асацыяцыі новы старшыня: замест палкоўніка Уладзіміра Базанава прызначылі былога чыноўніка Мікалая Шарснёва. Менавіта ён пакуль не знайшоў агульнай мовы з міністрам спорту Сяргеем Кавальчуком, якога хутчэй за ўсё адправяць у адстаўку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Кепскія вынікі на міжнароднай арэне – цяпер Беларусь ужо на 98-ай пазіцыі ў сусветным рэйтынгу – прывялі да адстаўкі ў беларускім футболе старшыні асацыяцыі палкоўніка Уладзіміра Базанава. Замест яго прызначылі былога старшыню Віцебскага аблвыканкаму Мікалая Шарснёва. Менавіта ў яго няма паразумення з міністрам спорту Сяргеем Кавальчуком. «Дом футболу» спрабуе адасобіцца і стаць больш самастойным.

«Ён імкнецца да таго, каб пазбавіць асацыяцыю таго ўплыву Міністэрства спорту, які ёсць на гэты момант. Бо ён агромністы, і гэта падкрэсліваюць усе спецыялісты, якія працавалі ў гэтай сферы, у федэрацыі. Ёсць вялікая залежнасць, і Шарснёву гэта не падабаецца», – падкрэсліў журналіст радыё «Свабода»Арцём Сізінцаў.

Былы кіраўнік футбольнай асацыяцыі Уладзімір Базанаў не мог прымаць самастойных рашэнняў. Акурат пасля 2020-га, калі спартоўцы падзяліліся на два лагеры, на арэну выйшаў міністр спорту Сяргей Кавальчук. Вырашаць, з кім можна падпісваць кантракт, а з кім не, – усё гэта зрабілася ягонаю прэрагатываю.

«Я сам быў у кабінеце, калі Кавальчук званіў Кабанаву. Ён падскокваў, трымаў тэлефон каля вуха: так-так-так, таварыш міністр. Для мяне гэта было дзіўным. Я не ведаю, якія паўнамоцтвы ў Шарснёва, але па яго першых кроках я бачу, што ён не вельмі прыслухоўваецца да Кавальчука», – дадаў экс-дырэктар дэпартаменту судзейства АБФФ Андрэй Чэпа.

Яшчэ да Другіх гульняў краінаў СНД, якія адбыліся ў жніўні ў Беларусі, міністру спорту прадказвалі адстаўку. Аднак на Гульнях, праз адсутнасць сапраўднай канкурэнцыі, беларусы заваявалі 236 медалёў, і Сяргея Кавальчука пакуль пакінулі. Паводле былога генеральнага сакратара НАК Анатоля Котава, лёс міністра спорту ўжо перадвызначаны.

«Праз федэрацыю, думаю, перспектыва там трох-пяці месяцаў, і мы можам быць сведкамі таго, што зменіцца менавіта кіраўнік Міністэрства спорту. А Шарснёў тут – адзін з больш верагодных кандыдатаў. Так скажам, паціху пад’ядае», – адзначыў былы генеральны сакратар НАК Беларусі Анатоль Котаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.Еўрапейская кваліфікацыя. Гульня паміж Румыніяй і Беларуссю. Бухарэст, Румынія. 28 сакавіка 2023 года.
Фота: team.abff.by

Пры наўпроставым удзеле Кавальчука былі створаныя чорныя спісы гульцоў, якія ў 2020-м падпісалі ліст супраць ґвалту. Ім забаранілі ўдзельнічаць у афіцыйных гульнях. Аднак цяпер некаторым дазволілі вярнуцца. Кантракты з мазырскаю «Славіяй» падпісалі Павел Чыкіда і Аляксандр Джыгера. У заяўку БАТЭ вярнуўся галкіпер Аляксандр Гутар, які публічна пакаяўся. Гэта пацяпленне з падачы Шарснёва, амністыя ці проста кропкавыя выпадкі?

«Гэта фактычна не амністыя, гэта выпадак, калі людзей прымушаюць гаварыць на камеру нейкія словы. Яны там прызнаюцца ў тым, што не мелі рацыі, памыляліся, заблукалі. Іх не прымаюць без гэтай умовы назад. Некаторыя, як той жа Гутар, – гэта заслужаныя людзі, тым не менш гэта носіць кропкавы характар і не прынясе вялікага плёну, і не верне футбол, які быў раней», – распавядае журналіст радыё «Свабода»Арцём Сізінцаў.

Пасля правалу нашай нацыянальнай зборнай нарэшце звольнілі галоўнага трэнера Георгія Кандрацьева, які кіраваў дружынаю два гады. Прызначылі – нечакана – замежніка, іспанца Карласа Фэрэра, апошнім месцам працы якога была экзатычная Руанда. Краіна ў сусветным рэйтынгу ФІФА займае 139-ы радок. Ці дадуць новаму настаўніку карт-бланш, і ці зможа ён прыцягнуць пад сцягі нацыянальнай каманды нелаяльных рэжыму футбалістаў, напрыклад Шкурына ці Лісаковіча?

«Прыцягваць ці не футбалістаў з чорнага спісу – мне падаецца, што такіх паўнамоцтваў у яго няма. Але ён храбрыцца, кажа, што можа пазваць каго заўгодна. Шкурын не паедзе, нават калі ён пазаве Лісаковіча. Што гэта зменіць?», – канстатуе экс-дырэктар дэпартаменту судзейства АБФФ Андрэй Чэпа.

Беларускія клубы гэтаю восенню зноў засталіся без Еўракубкаў. Нацыянальная зборная далёкая пакуль да дэманстрацыі сапраўднай гульні і станоўчых вынікаў. Ці зможа дабавіць пазітыву ў шэрыя будні нашага футболу тандэм Шарснёў-Фэрэр?

«Нічога добрага гэты дуэт не дадасць, таму што футбол, як амаль і кожны від спорту ў Беларусі, – гэта адлюстраванне той сітуацыі, якая ёсць у краіне. Немагчыма быць у Еўропе дыктатурай і мець добры ўзровень у тым самым футболе», – адказвае былы генеральны сакратар НАК Беларусі Анатоль Котаў.

Найбліжэйшая гульня нашай нацыянальнай зборнай запланаваная ўжо на 9-га верасня. У межах адборачнага турніру да чэмпіянату Еўропы-2024 Беларусь на выездзе, ужо на чале з Фэрэрам, згуляе з камандай Андоры. Гэтая краіна лічыцца аўтсайдарам еўрапейскага футболу і разам з Беларуссю ніколі не гуляла ў фінальных стадыях чэмпіянатаў свету і Еўропы. Пакуль нашая каманда правяла 4 матчы, выгуляла толькі адзін у Косава і займае перадапошні, пяты радок групы І.

Павел Алейнікаў, «Белсат»