Суддзі, якія выносілі жорсткія пакаранні апанентам рэжыму Лукашэнкі, пайшлі на падвышэнне. Дыктатар уласнаручна прызначыў іх на пасады ў Вярхоўным судзе. Хто гэтыя людзі і чые жыцці яны зламалі?
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Яны выносілі палітычна матываваныя выракі, а цяпер пайшлі на падвышэнне. Аляксандр Лукашэнка прызначыў траіх новых суддзяў Вярхоўнага суда: Алену Рудніцкую, Максіма Філатава і Руслана Царука.
«У суддзяў Вярхоўнага суда ёсць некалькі задачаў: гэта разгляд апеляцыяў, то бок канчатковых рашэнняў, якія не падлягаюць абскарджанню, таксама гэта вывучэнне судовай практыкі і нагляд за судовай сістэмай судоў агульнай юрысдыкцыі», – кажа праваабаронца цэнтру «Вясна» Вікторыя Рудзянкова.
Фармальна патрабаванне на пасаду – толькі 5 год стажу, а на практыцы, чаму Лукашэнка прызначыў таго ці іншага суддзю, – застаецца толькі здагадвацца, удакладняе праваабаронца.
«Ганьба, ганьба, ганьба!», – Гэтак беларусы адрэагавалі на вырак, вынесены Максімам Філатавым, тады яшчэ суддзём Лідскага раённага суда. У 2020 годзе ён пакараў актывіста з Бярозы Вітольда Ашурка 5 гадамі калоніі, у якой палітвязень памёр пры нявысветленых абставінах.
Пасля падвышэння ў Гарадзенскі абласны суд Філатаў прызначыў дванаццаці фігурантам «справы Аўтуховіча» 197 гадоў і 7 месяцаў калоніі ды амаль сто тысяч долараў штрафаў на ўсіх.
А тыдзень таму ён жа пакараў журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч 6 гадамі калоніі кожнага.
«Якое можа быць сумленне ў Філатава? Сумленне і Філатаў – гэта дзве такія несумяшчальныя рэчы. Ён і ідзе далей на падвышэнне ўгору, бо ён для іх – свой, зробіць усё, каб нам было не да законаў, як казаў ягоны шэф», – лічыць брат палітвязня Вітольда Ашурка Андрэй.
Наступная прызначэнца – суддзя Менскага гарадскога суда Алена Рудніцкая, абвінаваўчыя выракі ў палітычных справах яна выносіла яшчэ з Плошчы 2010 года.
Трэцім, каго адзначыў Лукашэнка, стаў Руслан Царук, які працаваў у Светлагорскім раённым судзе, а затым – у судзе Чыгуначнага раёну Гомля. Царук выносіў прысуды за каментары ў «справе Зельцара», за «экстрэмізм» і фатаграфаванне расейскай вайсковай тэхнікі. Для Царука палітычныя справы сталіся руцінай задоўга да выбараў 2020 года.
«Шмат людзей былі ім асуджаныя, гэта і былы журналіст “Белсату” Канстанцін Жукоўскі, і журналістка Ларыса Шчыракова, якая ездзіла на суды ў Светлагорск працаваць, і мясцовыя актывісты», – узгадвае праваабаронца «Вясны» Алена Маслюкова.
Гісторык Аляксандр Пашкевіч вучыўся з Русланам Царуком на гістфаку БДУ. Са студэнцкіх гадоў Царук выступаў за дзейную ўладу, згадвае Пашкевіч, але дадае, што тады яго яшчэ нельга было назваць дрэнным чалавекам: «І ў сталінскія часы, і ў гітлераўскія часы, і ў іншых грамадствах амаральных хваля выносіла наверх такіх людзей, якія былі гатовыя ісці на ўсё, ісці на злачынствы, ісці на амаральнасці».
Не толькі ўлада, але і самыя беларусы ацанілі працу гэтак званых суддзяў: у лідскай спартовай зале ў заплечнік Максіма Філатава падклалі фекаліі, а ў Светлагорску, паводле тэлеграм-каналу «Нехта лайф», невядомыя падпалілі машыну Руслана Царука.
«У мясцовых жыхароў, у суседзяў няма ніякіх стасункаў з імі, з імі стасуюцца толькі такія, як яны, злодзеі. Яны – белыя вароны. І можа, нават яшчэ ад гэтага яны дурэюць яшчэ больш», – распавядае Андрэй Ашурак.
Паводле заканадаўства з суддзямі Вярхоўнага суда не заключаецца кантракт і гэта, на думку Вікторыі Рудзянковай, ставіць іх ва ўразлівы стан. А што будзе з імі пры змене ўлады?
«Мы не ведаем што будзе з гэтымі суддзямі, але дакладна, што яны не застануцца ненаказанымі, бо гэтыя рашэнні – гэта ёсць злачынства нават па беларускаму заканадаўству», – мяркуе праваабаронца Вікторыя Рудзянкова.
Максім Філатаў за свае палітычна матываваныя выракі ўжо трапіў пад санкцыі Еўразвязу, тое самае можа чакаць і іншых гэтак званых суддзяў.
Аліна Скрабунова, «Белсат»