Кіберпартызаны правялі аперацыю супраціву «Жара»


«Жарою» кіберпартызаны назвалі шматступенную аперацыю супраціву: яны праніклі на рэжымныя аб’екты, адкрылі доступ да ўнутраных сетак ды сцягнулі тэрабайты інфармацыі з аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Пашпарт», а таксама з базы ДАІ.

Цяпер партызаны паступова дзеляцца здабытаю інфармацыяй.

Вось, напрыклад, пашпартныя дадзеныя Лукашэнкі. Пасля прыходу да ўлады ён тройчы мяняў пашпарт і кожны раз замаўляў сабе хвацкія нумары. Высветлілася, што ў першым з ягоных пашпартоў з бацькоў была пазначаная толькі маці, у наступных дапісалі ў якасці бацькі Рыгора Віктаравіча Лукашэнку. Ёсць і прапіска – Дразды, дом 1, кватэра 1. І дадзеныя ўступлення ў шлюб – 1-га студзеня 1975 года. Што праўда, у пашпарце жонкі Лукашэнкі дата роспісу іншая – 4-га ліпеня 1975 года. Відаць, для Галіны Радыёнаўны не так важныя прыгожыя лічбы, як для ейнага мужа.

А сёння апублікавалі звесткі яшчэ адной жанчыны Лукашэнкі – мамы Колі. І тут не ўсё так проста. У Ірыны Абельскай два сыны – ад першага шлюбу Дзмітрый, працуе афтальмолагам і выкладчыкам. І пазашлюбны сын – Мікалай Аляксандравіч Абельскі. Ягоная дата народзінаў супадае з народзінамі Мікалая Аляксандравіча Лукашэнкі.

Кіберпартызаны абяцаюць неўзабаве апублікаваць дадзеныя і яшчэ пра аднаго пазашлюбнага сына Лукашэнкі – Мацвея.

«У Лукашэнкі і Абельскай нарадзіўся яшчэ адзін сын. Хлопчыка назвалі Мацвеем. Неўзабаве ў яго дыягнаставалі праблемы са здароўем: разумовая адсталасць і аўтызм, акрамя гэтага, хлопчык аказаўся глуханямым. Ад гэтага Лукашэнка прыйшоў у шаленства. Наяўнасць дзіцяці з асаблівасцямі развіццЯ ніяк не вязалася з вобразам Лукашэнкі – хвацкага хлопца ў вёсцы. Мацвея запісалі пад дзявочым прозвішчам маці і прыдумалі іншае імя па-бацьку. Так замест Мацвея Аляксандравіча Лукашэнкі атрымаўся Мацвей Фёдаравіч Пастаялка», – паведамляли на ютуб-канале NEXTA Live.

Як бачым, «Жара» – самая маштабная кібератака ў гісторыі Беларусі. Акрамя асабістых звестак, хакеры злілІ кватэрны фонд КДБ, дадзеныя аператыўных і ціхаровых аўтаў. Кіберпартызаны ўзламалі таксама сістэму відэаназірання ізалятару часовага ўтрымання на Акрэсціна. Аказваецца, сілавікі назіраюць не толькі за камерамі, а нават за ўнітазамі.

Хакеры атрымалі доступ і да серверу з відэазапісамі аператыўных дронаў Міністэрства ўнутраных справаў на маршах пратэсту. Нам прыемна паглядзець, а адмыслоўцы паводле іх цяпер вывучаюць тактыку сілавікоў і ўразлівыя пункты, гэта прыдасца пры наступных акцыях пратэсту. Бо, як кажуць беларускія кіберпартызаны, яны разам з чальцамі арганізацыі «Супраціў» рыхтуюцца да моманту Ікс, калі па ўсёй Беларусі распачнецца мноства акцый, скіраваных на зрынанне рэжыму.

«Белсат»