Жорсткія прысуды па «справе Ціханоўскага» Вярхоўны Суд пакінуў без зменаў


Жорсткі леташні вырак у так званай «справе Сяргея Ціханоўскага» Вярхоўны Суд пакінуў без зменаў, не задаволіўшы адпаведную апеляцыю. 14 снежня 2021 года 6 чалавек былі асуджаныя ў гэтай справе да жорсткіх турэмных тэрмінаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дар’я Лосік, жонка палітзняволенага Ігара Лосіка, якая сёння прысутнічала на працэсе, кажа, што будзе фіксаваць усе парушэнні, падтрымліваць мужа і далей, не спыніцца, пакуль Ігар не выйдзе на волю. Яна таксама звяртае ўвагу на несувымерную колькасць міліцыянтаў, якія прысутнічалі сёння ў судзе і называе гэта цыркам.

А якія фармальныя метады застаюцца ў сваякоў палітзняволеных пасля адмовы ў апеляцыі?

Праваабаронца Раман Кісляк кажа:

«Пасля апеляцыі застаецца магчымасць падаваць скаргі ў межах так званага нагляду, судовага нагляду, па лініі пракуратуры можна падаваць. Прашэнне, скажам так, заявы з магчымасцю прынесці пратэст».

Акцыя ў падтрымку палітзняволеных адбылася напярэдадні ў Вільні, каля консульства Беларусі.

Удзельніца акцыі Вераніка Мішчанка кажа:

«Мы зноў хочам нагадаць, што гэтыя людзі, дзеля якіх мы сёння выйшлі, змагаліся ў тым ліку і за свабодную Украіну. Для нас заўсёды быў ворагам не толькі Лукашэнка, але і Пуцін. І калі б нашыя палітыкі засталіся на волі, мы ўпэўненыя, што вайны ва Украіне не было б, яны проста гэтага б не дапусцілі».

Вольга Зазулінская дадае:

«Гэта сфабрыкаваная справа, мы ўсе разумеем, чаму яны там: гэта рэальныя лідары, якія маглі за сабою павесці людзей, і гэтага вельмі баіцца рэжым. Але сёння мы тут не толькі таму, што Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, многія іншыя хлопцы, якія ўжо атрымалі несувымернае пакаранне і застаюцца ў турме. А ў першую чаргу, каб нагадаць прадстаўнікам рэжыму, якія тут яшчэ працуюць, што яны будуць несці такую ж адказнасць за ўсё, як і тыя, хто там унутры саджае людзей».

Паводле версіі следства, блогер Сяргей Ціханоўскі і ягоныя паплечнікі займаліся падрыхтоўкай і арганізацыяй масавых беспарадкаў у Беларусі. Пры гэтым варта адзначыць, што некаторыя фігуранты справы нават не былі асабіста знаёмыя адно з адным. Сяргея затрымалі падчас перадвыбарнага пікету ў Горадні ў выніку зладжанай правакацыі. Ягоную абаронцу ў судзе Наталлю Мацкевіч, як і шмат каго з яе калегаў, што абаранялі так званых «палітычных», выключылі з калегіі адвакатаў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»