Як у Расеі: лукашэнкаўскія прапагандысты пачнуць здымаць кіно


Курс на айчынны відэакантэнт гэтым разам узяла тэлекампанія ОНТ. Прапагандысты знялі свой першы ігравы фільм на замову Лукашэнкі. Тым часам на «Беларусьфільме» кажуць пра недахоп сродкаў і прафесіяналаў для вытворчасці новых стужак. Што ў такім выпадку аб ’ядноўвае гэтыя ўстановы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дэкарацыі пастарунку і Вольга Няфёдава ў ролі сілавіка. Так выглядае тызэр камедыі пра працаўнікоў запраўкі «АЗС-1» – першага фільму, знятага праўладнай тэлекампаніяй ОНТ.

«Яны правільна робяць, што здымаюць камедыі. Вось расяяне цяпер актыўна здымаюць казкі. Бо ў такія змрочныя часы такі кантэнт і папулярны, і мае попыт…Гэты фільм таксама пазбаўлены сапраўднай рэчаіснасці, распавядае версію Беларусі, пазбаўленую палітыкі, сувязяў з нейкай сучаснасцю», – мяркуе кінажурналіст Тарас Тарналіцкі.

А пакуль ОНТ толькі пачынае сваю кінавытворчую дзейнасць, «Беларусьфільм» перажывае чарговы крызіс. Апошнім праектам студыі штучна стваралі бачнасць паспяховасці: на прэм’еры прымусова зацягвалі бюджэтнікаў і студэнтаў. Стужкі «Ліст чакання» і «На другім беразе» распавядалі гісторыі гэтак званых маленькіх людзей – доктара і партызана.

«У сучаснай моладзі ёсць патрэба на шчырасць. А тое, што робіць “Беларусьфільм”, – гэта ідэалогія. Вельмі штучная ідэалогія. І таму ў прынцыпе сама гісторыя пра маленькага чалавека – гэта добры канцэпт. Але так, як ён зроблены, гэта мінулае стагоддзе», – кажа кінажурналіст.

Палепшыць сітуацыю нібыта мусіў конкурс сцэнароў, абвешчаны напачатку года Мінкультам. У прыватнасці, улады чакалі фільмаў вайскова-патрыятычнай тэматыкі, пра герояў-спартоўцаў, працаўнікоў вёскі і «гераізм сілавікоў у жніўні 2020-га». За гэта праўладным творцам абяцалі дзве тысячы беларускіх рублёў, вядомасць і прызнанне. Вось толькі сінопсісу пра падзеі дваццатага чыноўнікі так і не атрымалі.

«Любы твор на тэму 2020 года будзе моцна кантралявацца цэнзураваннем, чысціцца Міністэрствам культуры і ўвогуле мець асаблівую ўвагу, нагляд. Ну а каму патрэбны такі стыль працы, такі гемарой? Хто хоча, каб ягоны творчы працэс на кожным этапе, кожным кроку кантраляваўся?» – адзначае кінакрытык Ірэна Кацяловіч.

Паводле праўладных кінематаграфістаў, цяпер «Беларусьфільм» выпускае максімум тры-чатыры стужкі на год, тады як «у найлепшыя часы было як мінімум сем». Такі спад творцы патлумачылі недахопам грошай, тэхнічнага абсталявання і адсутнасцю прафесійных кадраў. Апошняе, паводле нашай эксперткі, адбылося не толькі праз ідэалагічныя чысткі, але і праз няўмелую арганізацыю працоўных працэсаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Галоўны корпус Беларусьфільм.
Фота: wikipedia.org

«”Беларусьфільм” мэтанакіравана пераводзіў штатных працаўнікоў на праектную працу. Ён не змог на гэтым не згубіць. Бо ў краіне, дзе кінаіндустрыя не існуе ў прынцыпе, не можа быць так, каб прафесіянал перайшоў з адной студыі ў другую. Таму без сталага заробку яны проста ішлі ў іншыя сферы», – дадае кінакрытык.

Сярод іншага, дзеячы кіно актыўна пераходзяць на дзяржаўныя тэлеканалы. Неўзабаве прапагандысты разам з «Беларусьфільмам» плануюць наладзіць вытворчасць айчынных серыялаў.

«Здымаць серыяльныя лінейкі пад сілу любой краіне. Асабліва такой развітой, як Беларусь… У нас усё для гэтага ёсць: імкненне, жаданне, дзяржаўны падыход, засталося толькі ўвасобіць», – заявіў дырэктар тэлеканалу ОНТ Марат Маркаў.

А што да «першай кінаспробы» ОНТ – прагляд поўнага метра стужкі прайшоў у закрытым рэжыме, а вось серыяльную версію камедыі абяцаюць неўзабаве паказаць і масаваму гледачу.

Наста Печанькова, «Белсат»