Першыя беларускія электрамабілі сыдуць з канвеера ўсяго праз некалькі месяцаў. Пра гэта ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» заявіў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Плануем у жніўні-верасні завяршыць вытворчасць гэтых пяці легкавых аўтамабіляў. Далей – пробная эксплуатацыя і выпрабаванні, і да канца года падысці да серыйнай вытворчасці гэтых аўтамабіляў», – заявіў Пархомчык.
На айчынных прадпрыемствах плануецца выпуск і ўсіх кампанентаў для беларускага электрамабіля, заявіў чыноўнік. Гэтага патрабаваў Лукашэнка. Вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч лічыць гэтыя праекты нерэальнымі:
«Напрыканцы мінулага года, яшчэ ў снежні, павінны былі паказаць Лукашэнку новы беларускі электрамабіль і нічога не паказалі. Таму гэта цалкам манілаўшчына, такая гульня, у якую яны гуляюць доўга і яшчэ будуць гуляць дзесяцігоддзямі».
Эксперыментальны варыянт электрамабіля прэзентавалі яшчэ ў жніўні 2017-га. Тагачасны міністр прамысловасці Віталь Воўк заяўляў, што наладзіць вытворчасць плануецца ў 2019 годзе. А з 2021-га пачаць выпуск электрамабіляў абяцалі практычна штогод. Сёлета ў студзені Лукашэнка прызначыў чарговую дату – да пачатку 2025 года.
Але нават калі стрымаць абяцанне і прэзентаваць беларускі электрамабіль гэтым разам удасца – застаецца праблема з батарэямі.
«У нас таксама ёсць жорсткае даручэнне прэзідэнта, і ў жніўні нашая Нацыянальная акадэмія навук павінна даць справаздачу пра арганізацыю вытворчасці першай беларускай батарэі, якую мы таксама да канца года павінны пачаць выпрабоўваць», – казаў у эфіры «Беларусь 1» Пётр Пархомчык.
Што праўда, паводле чыноўніка, гэты варыянт батарэі, хоць і будзе крокам наперад у справе электратранспарту, але распрацоўваецца не для прыватнага электрамабіля, а для грузавога транспарту Менскага аўтамабільнага заводу і «Белкамунмашу».
«Зараз увесь сусветны рынак электрычных батарэй напалову трымаюць кітайцы. Яшчэ велізарная частка – гэта прадукцыя з Паўднёвай Карэі. І таму я не бачу, дзе беларусы возьмуць некалькі мільярдаў долараў, якія трэба ўкласці, каб быць канкурэнтаздольнымі на гэтым рынку», – мяркуе Аляксандр Кныровіч.
Чыноўнікі шматкроць абяцалі, што беларускі электрамабіль мае быць таннейшым за замежныя, называлі лічбы 20-25 тысяч долараў. На думку ўласніка станцыі рамонту аўтамабіляў у Варшаве Сяргея, беларусы ахвотна будуць купляць айчынны электракар, незалежна ад кошту:
«Гэтыя аўты будуць прадавацца па крэдытных ільготных умовах. І дзякуючы крэдытам і растэрміноўкам плацяжоў людзі будуць карыстацца гэтымі момантамі і браць гэтыя аўтамабілі ахвотна. Плюс абслугоўванне аўтамабіляў – усе запчасткі не трэба будзе шукаць нідзе за мяжой і заказваць з Амерыкі, а ўсе запчасткі будуць на сэрвісах».
Паводле Савету Міністраў, на пачатак года ў сетцы «Беларуснафта» было амаль 700 ладавальных станцыяў для электрамабіляў. Больш за дзве траціны з іх размешчаныя ў Менску і Менскай вобласці. Найменш такіх кропак на Магілёўшчыне.
«Хацелася б, каб станцыі размяшчалі ўздоўж трас, асноўных трас, каб маглі людзі ездзіць і маглі вандраваць, каб чалавек, што мае аўта, мог паехаць у любую кропку краіны і зарадзіць аўтамабіль», – кажа Сяргей.
Сёння ў карыстанні беларусаў – адзінаццаць тысяч электрамабіляў замежнай вытворчасці. Да канца 2025 года іх можна бязмытна ўвозіць у нашую краіну.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»