Купляйце больш беларускага: імпарт шэрагу тавараў з Літвы – пад забаронаю


Першы дзень красавіка – першы дзень контрсанкцыяў супраць Літвы. Пачала дзеяць забарона Саўміну на завоз шэрагу відаў прадукцыі з гэтае краіны ў Беларусь. Гэтак лукашэнкаўскі ўрад адказаў Вільні на закрыццё з першага сакавіка двух пунктаў пропуску на літоўска-беларускай мяжы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пад эмбарга трапілі віно, піва і некаторыя іншыя алкагольныя напоі, апоны, ужываныя аўтазапчасткі і адзенне, незалежна ад краіны іх паходжання. Таксама Саўмін пашырыў пералік забароненых тавараў ад літоўскіх вытворцаў. У яго трапілі згушчанае малако і вяршкі, садавіна і арэхі, шкарпэткі і панчохі, лядоўні і маразільні. Завозіць усе гэтыя тавары можна толькі для асабістага карыстання.

«Зразумела, што згушчонка і панчохі ў Беларусі маюцца ў наяўнасці ў дастатковай колькасці, таму на гэта ўплыву ніякага не будзе мецца. З іншага боку, такія тавары, як ужыванае адзенне, ужываныя запчасткі карыстаюцца попытам у Беларусі, і насельніцтва імкнецца гэта купляць. Зразумела, што менавіта на гэта будзе аказаны значны ўплыў», – патлумачыў фінансіст і эканаміст Віталь Алейнік.

Паводле эксперта, гаворка не толькі пра рост цэнаў, але і пра скарачэнне асартыменту. Тое, што гэтыя санкцыі рэжым увёў супраць беларусаў, заявілі і ў Міністэрстве замежных справаў Літвы. Аднак афіцыйны Менск настойвае: ад эмбарга пацярпіць усё ж такі літоўскі бок. У МЗС Беларусі заявілі:

«З прыняццем апошняга дакументу імпартны таварапаток зможа паступаць у Беларусь толькі праз альтэрнатыўныя маршруты ў абыход тэрыторыі Літвы. Гэта негатыўна паўплывае на працу шматлікіх літоўскіх лагістычных аператараў і прывядзе да адчувальнай страты іх даходаў у сувязі з істотным скарачэннем тавараабароту».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Памежны пункт пропуску «Лаворышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») напярэдадні закрыцця двух пераходаў. 29 лютага 2024 года.
Фота: Ганна Русінава / Белсат

Паводле Віталя Алейніка, з гледзішча эканомікі ў цэлым літоўскай, гэта такая пясчынка ў моры. Будуць перабудоўваць проста гэтыя ланцужкі, калі камусьці гэта выгадна. А з іншага боку, маецца такі вялікі доступ на іншыя краіны той жа Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

У канцы сакавіка Літва ўслед за Польшчай і Латвіяй далучылася да забароны на вываз у Беларусь транзітных аўтаў з аб’ёмам рухавіка, большым за адну цэлую дзевяць дзясятых літра і даражэйшых за пяцьдзясят тысяч еўраў. Афіцыйна прычынаў улады гэтых краінаў не назвалі. Аднак эксперты мяркуюць, што такім чынам еўрачыноўнікі спрабуюць закрыць шчыліны для абыходжання Расеяй санкцыяў. Пра гэта ў інтэрвʼю нашым калегам дваццаць сёмага сакавіка паведаміў журналіст-расследавальнік «Бюро Медыя» Алесь Ярашэвіч:

«Санкцыі паміж Беларуссю і Расеяй не сінхранізаваныя. Фактычна ёсць дзесьці каля 3000 тавараў, якія нельга ўвозіць у Расею, але можна ўвозіць у Беларусь. І гэтым карыстаюцца. І асноўны тавар, які такім чынам трапляе ў Расею праз Беларусь – гэта машыны. У тым ліку, якія могуць выкарыстоўвацца на поле бою ва Украіне».

Ад кіроўцаў транзітных аўтаў на мяжы патрабуюць дакументы, што машыну, прынамсі, не перапрададуць у Расею. Гарантыі такога кшталту мусяць даць і імпарцёры іншых тавараў. Выданне «Office Life» са спасылкаю на свае крыніцы паведаміла, што памежнікі Польшчы, Літвы і Латвіі разварочваюць фуры з грузамі, якія едуць у Беларусь, праз адсутнасць неабходных дакументаў. На думку Паўла Латушкі, такія захады эфектыўныя, але:

«Трэба зрабіць некалькі крокаў па ўзмацненню кантролю і ліквідацыі магчымасцяў абыходжання санкцыяў, сярод якіх мы вылучаем і кватаванне тавараў на ўзроўні 2021 года, санкцыйных тавараў, рост якіх зараз складае і 100, і 1000 разоў. Абмежаванне транзіту, калі транзіт ідзе ў трэція краіны, – гэта фінансавыя санкцыі, сектаральныя санкцыі, гарманізацыя санкцыяў з РФ».

Менавіта гэтыя пяць крокаў каманда НАУ прапаноўвае прыняць заходнім партнёрам дзеля больш шчыльнага кантролю дзейных санкцыяў супраць рэжымаў у Менску і Маскве.

Ірына Юрʼева, «Белсат»