Намеснік Кіева-Пячэрскай лаўры – у статусе падазраванага


Намесніку Кіева-Пячэрскай лаўры мітрапаліту Паўлу, ці Пятру Лэбідзю, уручылі дакумент аб тым, што ён – падазраваны паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Украіны, і, з ягоных словаў, адправілі пад хатні арышт, правёўшы ператрус.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мне сёння абвесцілі, што абвінавачанне, якое мне інкрымінуюць, – што я саўдзельнік супраць Украіны з Расеяй, пра што я заўсёды казаў: не быў і не буду», – заявіў вернікам мітрапаліт Павел.

Дакументы аб статусе падазраванага ўручаныя паводле артыкулаў «Прапаганда вайны» і «Парушэнне раўнапраўя грамадзянаў у залежнасці ад іхнай расавай, нацыянальнай прыналежнасці, рэлігійных перакананняў, інваліднасці і паводле іншых прыкметаў».

«У прыватнасці, устаноўлена, што ў сваіх публічных выступах Лэбідзь неаднаразова абражаў рэлігійныя пачуцці ўкраінцаў, прыніжаў погляды вернікаў іншых канфесіяў і намагаўся сфармаваць варожае стаўленне да іх, а таксама рабіў заявы, якія апраўдвалі ці адмаўлялі дзеянні краіны-агрэсара. Гэта пацвердзіла і судова-лінгвістычная экспертыза, ініцыяваная Службай бяспекі», – гаворыцца ў заяве СБУ.

Сам мітрапаліт Павел усе гэтыя закіды адмаўляе і заяўляе, што не праклінаў прэзідэнта, а цытаваў Евангелле. На судзе ён паскардзіўся на кепскае самаадчуванне, і паседжанне перанеслі на панядзелак.

Памяшканні вядомай ва ўсім свеце Кіева-Пячэрскай лаўры фактычна належаць Міністэрству культуры. Шмат гадоў іх бязвыплатна займала Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, якая летась у траўні на зборах Сіноду згадванне аб Маскоўскім патрыярхаце фармальна прыбрала са статуту. Супрацьстаянне ж з украінскімі ўладамі абвастрылася ў лістападзе, калі Служба бяспекі Украіны распачала крымінальную справу за апраўданне расейскай агрэсіі. Цяпер нацыянальны запаведнік разарваў дамову з Украінскай праваслаўнай царквой і запатрабаваў да канца сакавіка вызваліць памяшканні.

«Там было ўсё, цэнтр кіравання Украінскай праваслаўнай царквы, там месцілася і рэзідэнцыя мітрапаліта кіеўскага Ануфрыя, і семінарыя, і акадэмія, манахі – і цяпер не вядома, куды ім сыходзіць», – тлумачыць праваслаўны святар Аляксандр Шрамко.

Паводле апытання, праведзенага летась у ліпені Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі, з 72-ух адсоткаў украінцаў, што ідэнтыфікуюць сябе праваслаўнымі, 54 – адносяць сябе да вернікаў Праваслаўнай царквы Украіны, якая атрымала незалежнасць ад Масквы ў 2019-м. Прыхільнікаў Украінскай праваслаўнай царквы, згодна з апытаннем, толькі 4 адсоткі, рэшта праваслаўных вернікаў не канкрэтызуюць патрыярхату.

Але, пры гэтым, Украінская праваслаўная царква мае болей прыходаў, а значыць, там больш людзей рэальна ходзяць у царкву, – сцвярджае Аляксандр Шрамко. Таму крок украінскіх уладаў ён лічыць неабдуманым.

«Трэба было працаваць з УПЦ, на мой погляд. Вылучаць найлепшыя здаровыя сілы, падтрымліваць добрыя пачынанні, калі УПЦ дапамагае ЗСУ і гэтак далей», – кажа Аляксандр Шрамко.

Цягам 2022-га года Служба бяспекі Украіны распачала 61 крымінальную справу супраць святароў Украінскай праваслаўнай царквы, якія сталі на бок Расеі, сем судовых выракаў ужо ўступілі ў сілу. Шэраг святароў з расейскім грамадзянствам выдварылі з краіны, амаль 250 асобаў атрымалі забарону на ўезд.

У справе высялення з Кіева-Пячэрскай лаўры Украінская праваслаўная царква заяўляе, што падала ў суд на ўрад краіны і не будзе выязджаць да судовага рашэння.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»