Рыхтуемся святкаваць Дзень Волі – 2024!


25 сакавіка – Дзень Волі. Беларусы, дзе б яны ні былі, святкуючы 106 гадавіну абвяшчэння БНР, маюць адчуць, што ўсе мы разам. «Мы лічым, гэта вельмі важна ў першую чаргу для тых людзей, якія цяпер у Беларусі. Мы ведаем, што гэта агромністая колькасць людзей, для якіх важны і дзень, і дата, і важнае разуменне, што мы ўсе ўсё роўна адзін аднаго гатовыя падтрымаць», – зазначае арганізатар сёлетняга святкавання, прадстаўнік каманды «БНР100» Антон Матолька.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«”Late night show” з элементамі канцэрту любімых беларускіх музыкаў». Гэтак імпрэзу, якую каманда «БНР100» рыхтуе да 25 сакавіка, называе Антон Матолька. Плануецца трансляцыя на YouTube. Падрабязнасці – ужо неўзабаве. На платформе «BYSOL» распачалі збор грошай на арганізацыю імпрэзы і стрым. Сабраць плануюць 25 тысяч еўраў.

«Мы кантактуем і з беларускімі бізнесоўцамі, кантактуем з беларускімі мецэнатамі, мы кантактуем з рознымі арганізацыямі, якія могуць падтрымаць. Агульная сума – яна вышэйшая, на жаль, нашмат вышэйшая за той збор, які мы ўказваем. Але ўнутры каманды было прынятае рашэнне, што мы зробім гэты івэнт незалежна ад таго, будуць сабраныя гэтыя грошы ці не», – кажа Антон Матолька.

25 сакавіка 1918 года. Рада БНР прыняла Трэцюю Устаўную грамату, што абвесціла незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзяржаўнымі сімваламі зрабіліся бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. Дзяржаўнаю мовай – беларуская. Гэтак нарадзілася першая нацыянальная дзяржава беларусаў. Але не ўсе нашчадкі ацанілі памкненне таго пакалення да незалежнасці.

Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі штогод дзяржава спрабавала перашкодзіць тым, хто адкрыта адзначаў Дзень Волі. Але ў 2018 дазволілі адсвяткаваць стагоддзе Беларускай Народнай Рэспублікі канцэртам каля Опернага тэатру ў Менску.

У тым самым годзе на доме нумар 9 па вуліцы Валадарскага, дзе і была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, улады абяцалі павесіць памятную табліцу. Абяцаннямі ўсё і скончылася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святочны канцэрт да 105 гадавіны абвяшчэння БНР. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Рэжым Лукашэнкі змагаецца не толькі з Днём Волі, рэжым Лукашэнкі змагаецца з усімі праявамі беларускасці. Я думаю, што яны засвоілі ўрок пасля святкавання Дня Волі, калі было стагоддзе Беларускай Народнай Рэспублікі, калі яны пабачылі, якім сапраўды народным святам гэта можа быць», – кажа прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Беларусі Аліна Коўшык.

Святлана Ціханоўская заклікае беларусаў за мяжою 25 сакавіка далучацца да акцыяў, прымеркаваных да Дня Волі. А калі такіх паблізу няма, арганізоўваць свае. Вывесіць з акна ці балкону ў гэты дзень беларускую нацыянальную сімволіку, а ў сацсетках павіншаваць са святам суайчыннікаў. І, натуральна, пры магчымасці ахвяраваць грошы на годныя беларускія справы.

Алесь Яшчанка, «Белсат»