«Нічые інтарэсы гэтая партыя адстойваць не будзе». «Белая Русь» стварае новую палітычную партыю


Умацаваць незалежную квітучую Беларусь, пабудаваць сацыяльна справядлівае грамадства, аб’яднаць грамадзянаў на падставе нацыянальных інтарэсаў і духоўна-маральных каштоўнасцяў. Грамадскае аб‘яднанне «Белая Русь» аб’явіла аб стварэнні новай палітычнай партыі, афіцыйныя мэты якой уражваюць пафаснасцю і красамоўнасцю. Чаго ж насамрэч чакаць ад новай партыі прыхільнікаў Лукашэнкі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На сайце грамадскага аб‘яднання «Белая Русь» апублікаваны тэкст праекту праграмы новай палітычнай партыі, у якую мае трансфармавацца грамадскае аб’яднанне. Мэты папярэдняй праграмы: умацаваць незалежную квітучую Беларусь, пабудаваць сацыяльна справядлівае грамадства, аб’яднаць грамадзянаў на падставе нацыянальных інтарэсаў і духоўна-маральных каштоўнасцяў. Заяўляюць і пра падтрыманне беларускіх вытворцаў, дэбюракратызацыю, барацьбу з карупцыяй, дабрабыт грамадзянаў.

«Нічые інтарэсы гэтая партыя адстойваць не будзе. Гэта “сервільная” структура і хутчэй адна з пляцовак, дзе людзі будуць рабіць спробу павысіць статус у сістэме Лукашэнкі, накшталт ГА “БРСМ”», – заявіў адзін з лідараў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі.

У вонкавай палітыцы прыярытэтам мусіць быць партнёрства ў межах Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС і АДКБ. Пра магчымую страту незалежнасці ці мэту ўваходжання ў склад іншай краіны ў дакуменце нічога не сказана.

«Наколькі я разумею, у гэтай праграме нейкія рэверансы ў адрас нашага вялікага суседа ёсць, але без напругі. Гэта не праграма рускай партыі», – лічыць палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст.

Пра намер стварыць новую палітычную партыю грамадскае абʼяднанне «Белая Русь» абвясціла ў пачатку лютага. Чаму такая патрэба паўстала цяпер?

«Відаць у Лукашэнкі ёсць пэўныя адчуванні, паколькі старасць ідзе, паколькі, магчыма, прыйдзецца сысці з пасады. А не хочацца, каб усё абвалілася. Таму і стварае нейкія страховачныя сеткі», – дадаў Юрый Дракахруст.

Устаноўчы зʼезд Беларускай палітычнай партыі «Белая Русь» адбудзецца 18-га сакавіка.