Беларусь: 8297 асобаў ужываюць наркотыкі


Незаконны абарот наркотыкаў, хваробы і смерці ў выніку ўжывання… і доўгія гады за кратамі – не толькі для буйных дылераў, але таксама іхных кур’ераў. У Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй адказныя асобы з Беларусі таксама зрабілі справаздачу. Затрыманняў менш, сярод затрыманых – менш няпоўнагадовых і агулам сітуацыя лепшае. Пра што не сказалі дзяржслужбоўцы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гомельскія супрацоўнікі наркакантролю рапартавалі пра затрыманне пяцярых гуртовых наркакурʼераў у трох раёнах вобласці. Сярод іх – няпоўнагадовая.

«Усе фігуранты працавалі на адзін нарка-маркет. Следчымі заведзеная крымінальная справа за незаконны абарот псіхатропных рэчываў, здзейснены ў складзе арганізаванай групы. Фігурантам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі», – рапартуе МУС РБ.

Калі казаць не міліцэйскаю моваю, здарылася наступнае: не звязаныя паміж сабою асобы адгукнуліся на абвесткі ў інтэрнэце, якія гарантавалі хуткі прывабны заробак за нескладаную курʼерскую працу.

«Часта маладым людзям даводзяць, што ніякага злачынства яны не здзяйсняюць, што ўсё цалкам законна. Мы ведаем нават такія абʼявы ёсць у інтэрнэце, што “законны метад атрымання заробку”, трэба нешта некуды завезці, ты нават не будзеш ведаць, што», – тлумачыць праваабаронца Васіль Завадскі.

У выніку – артыкул 328 КК РБ – «Незаконны абарот наркотыкаў», і яго цяжэйшы чацвёрты пункт – «Арганізаваная група з пакараннем ад 10 да 20 гадоў». Найчасцей адно таму, што ў затрыманых асобаў адзін і той жа наймальнік.

Аляксандр Хіла, упраўленне наркакантролю МУС Беларусі:

«Нашыя высілкі перадусім накіраваныя на выяўленне асобаў, датычных да збыту наркотыкаў у складзе груп і арганізаваных груп. Трэба адзначыць яшчэ значны рост выяўленых нарказлачынстваў, здзейсненых групаю асобаў і ў складзе арганізаванай групы».

Перамогі ў змаганні з арганізаванай злачыннасцю даюць міліцыянтам і пракурорам хуткае прасоўванне па карʼернай лесвіцы. Але патрэбныя таксама станоўчыя паказнікі.

На прысвечанай нарка-праблеме дзярж-канферэнцыі Аляксандр Хіла заявіў, што летась упала да 109 колькасць няпоўнагадовых, якія атрымалі выракі. Таксама менш асобаў трапілі да лекараў з перадазіроўкаю ці то памерлі ў выніку спажывання наркотыкаў. Лічба выяўленых наркатычных злачынстваў таксама знізілася. Што з колькасцю нарказалежных?

Дарʼя Зяленка, псіхолаг РНПЦ псіхічнага здароўя, кажа: «Датычна наркаспажывання ў Беларусі, значнай дынамікі не адзначаецца».

З яе словамі спрачаецца прынамсі статыстыка з Віцебскай вобласці, дзе афіцыйная лічба наркаманаў узрасла больш чым удвая ў параўнанні з 2021-ым годам. Пад назіраннем у наркалагічных кабінетах – 1078 асобаў (рост колькасці за год – на 7 %. Ужываюць наркатычныя рэчывы 942 асоба, зарэгістраваныя ў Віцебскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Гэта рост на 10,4 % у той жа перыяд.

На Віцебшчыне, якая мяжуе з Расеяй, наркатычная праблема вастрэйшая, чым, напрыклад, на Гарадзеншчыне, якая мяжуе з Польшчаю.

«Асноўным каналам паступлення наркотыкаў на ўнутраны рынак краіны зʼяўляецца акурат Расейская Федэрацыя. У мінулым годзе намі прысечана 29 падобных каналаў», – распавёў Аляксандр Хіла.

Агульная афіцыйная лічба спажыўцоў наркотыкаў у Беларусі складае 8297 асобаў.

«Рэальныя лічбы значна большыя. Тое, што афіцыйна мы маем (у статыстыцы – дапаўн. “Белсат”) – гэта людзі, якія так ці інакш трапіліся ў поле зроку ці лекараў, ці праваахоўнай сістэмы (калі яе цяпер можна так назваць)», – мяркуе псіхіятр і нарколаг Павел Перапёлкін.

Сярэдні ўзрост асобаў, якія ўцягваюцца ў наркотыкі – 13-17 гадоў. Павел Перапёлкін лічыць, што беларускія падлеткі, якім патрэбная сацыялізацыя, не знаходзяць адэкватных сваім патрэбам сацыяльных груп, арганізацыяў, кампаніяў. Якія альтэрнатывы прапаноўвае ім дзяржава?

«Гэта ў асноўным БРСМ, да якога, спадзяюся, большасць падлеткаў ставіцца не лепш, чым да наркотыкаў. Спартовыя мерапрыемствы – гэта ўсё добра, але калі пад гэта нейкая глеба палітычная падкладаецца – гэта адпалохвае падлеткаў», – канстатуе Перапёлкін.

Што да жорсткай у параўнанні з краінамі суседзямі адказнасці за працу тым жа нарка-курʼерам, Васіль Завадскі лічыць яе не самым эфектыўным метадам барацьбы і заклікае Беларусь да пераймання досведу тых краінаў, якія раней чым Беларусі сутыкнуліся з гэтаю праблемаю.

Юлія Цяльпук, «Белсат»