Украіна атрымае 50 мільярдаў еўраў ад ЕЗ


Расея працягвае абстрэльваць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру. Уначы акупанты ўдарылі па Харкаве чатырма «Шагэдамі», два з якіх трапілі ў прамысловы аб‘ект. Украіне патрэбнае павелічэнне вайсковай і фінансавай дапамогі. Акурат сёння на пазачарговым паседжанні Еўрапейскай рады ўзгаднілі дадатковы пакет дапамогі на 50 мільярдаў еўраў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта добрая навіна! Украіна – наш прыярытэт. Менавіта таму нам патрэбная была згода ўсіх 27 краінаў. Гэта надае нам даверу, аўтарытэту і прадказальнасці, якой ад нас чакаюць. Бяспека Украіны – гэта бяспека Еўропы», – лічыць прэзідэнтка Еўрапейскага парламенту Рабэрта Мэтсаля.

Лідары ЕЗ не змаглі ўхваліць дапамогу Украіне ў снежні, бо Вугоршчына наклала на яе вета. Пазіцыя Орбана была апошняй перашкодай для вылучэння сродкаў. Пераканаць Будапэшт у неабходнасці такіх захадаў – была галоўная задача для астатніх 26-ці чальцоў ЕЗ напярэдадні сустрэчы.

«Я не магу зразумець, я не магу прыняць гэтую вельмі дзіўную і вельмі эгаістычную гульню Віктара Орбана. І тут няма месца для кампрамісу ў нашых прынцыпах, такіх, як вяршэнства закону, і ўжо сапраўды няма месца для кампрамісу ў пытанні Украіны», – заявіў прэм‘ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

Пазіцыю Орбана не разумелі і ва Украіне.

«Учора, напрыклад, Орбан прыехаў у Брусель, ён ужо быў тут. Ён не пайшоў на вячэру, на якую яго запрасіў прэзідэнт Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль. Замест гэтага Орбан пайшоў сустракацца з фермерамі. Што гэта? Гэта – папулізм! Ён не пайшоў на сустрэчу з Шарлем Мішэлем – чаму? Бо што б там рабілі? Там бы яго ўгаворвалі, ціснулі б на яго. Ён проста, каб не мець таго дадатковага ціску, пайшоў да фермераў, ён прапіярыўся, не забыўшы зноў укусіць Украіну», – паведаміла ўкраінская журналістка Таццяна Высоцкая.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Еўрапейская рада.
Фота: EU Council / Twitter

Уладзімір Зяленскі далучыўся да сустрэчы онлайн. Украінскі лідар адзначыў, што сённяшняе рашэнне – выразны сігнал, што Украіна і Еўропа выстаяць.

«Еўропа сёння пасылае сігнал праз Атлантыку і па ўсім свеце, што заснаваны на міжнародных правілах сусветны парадак вытрымае любыя выпрабаванні. Еўропа задае тон у глабальных справах сваім адзінствам. Цяпер гэта факт. І ён павінен заставацца такім. Дзякуй за сённяшняе рашэнне», – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Узгадаў Зяленскі і пра нявыкананую дасюль ініцыятыву «Мільён боепрыпасаў». Негатовасць вайсковай прамысловасці адзначылі і ўдзельнікі сустрэчы.

«Першае, што радуе, – вытворчасць боепрыпасаў у Еўропе патроілася. Вядома, гэтага недастаткова. Гэта таксама паказала, што абаронная гатовасць еўрапейскіх краінаў значна адстае ад таго, якой яна павінная быць. Так што, безумоўна, гэта выразны сігнал для ўсіх, што мы ўсе мусім рабіць больш. І менавіта таму я таксама выступаю за абаронныя інвестыцыі ў памеры 2 % ВУП, якія павінен рабіць кожны саюзнік, прынамсі ў NATO», – паведаміла прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас.

Прынятая папраўка дазволіць унесці гэтыя расходы ў бюджэтны план ЕЗ. Ён уключае 17 мільярдаў прамой дапамогі і 33 мільярды ў выглядзе крэдытаў, якія Украіна атрымае цягам наступных чатырох гадоў.

«Мы заўсёды гаворым, што гэтага недастаткова, бо дзірка на гэты год складае 40 мільярдаў у бюджэце. Але гэта вельмі важная частка ўсёй праграмы», – заявіў намеснік міністра эканомікі Украіны Аляксей Собалеў.

Паводле сайту Еўракамісіі, грошы з новага фонду «Юкрэйн Фасіліці» пойдуць на аднаўленне і мадэрнізацыю эканомікі, а таксама на сацыяльную сферу.

Андрэй Сульжыц «Белсат»