Сілавікі абяцаюць беларусам «адпушчэнне грахоў»


Удзельнічала ў пратэстах, але сама прыйшла ў ГУБАЗіК, пакаялася – і без наступстваў вярнулася дадому. Такую гісторыю пра беларускую блогерку распаўсюдзілі ў сваім тэлеграм-канале сілавікі. А потым дзяўчына ва ўласным інстаграме заклікала беларусаў браць з яе прыклад. Маўляў, прызнайцеся, і вам таксама нічога не будзе. Хаця вядома, што іншых удзельнікаў пратэсных маршаў за гэта каралі і караюць. Што гэта: чарговая хітрасць сілавікоў або прыкмета таго, што ўлады могуць аслабіць рэпрэсіі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пабачыла сябе ў фотаальбоме «Я выходжу» і сама прыйшла да сілавікоў, каб прызнацца ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Пакаяльнае відэа з інстаблогеркай Ванэсай Марской выклалі ў тэлеграм працаўнікі ГУБАЗіКу. Пасля гэтага дзяўчыну нібыта проста адпусцілі.

«Я падтрымоўваю нашую ўладу. І пасля гэтай памылкі змяніла сваю пазіцыю. Сама прыехала сюды, каб пра гэта распавесці. Іду дадому», – кажа Ванэса Марская на відэа ГУБАЗіКу.

Пазней, ужо ва ўласным Інстаграме, блогерка заклікала іншых удзельнікаў пратэсных маршаў добраахвотна ісці да сілавікоў.

«Я вырашыла прыйсці і прызнацца ва ўчыненым, ведаючы, што за гэта нічога не будзе. Так і адбылося. Я проста сёння прыйшла, распавяла ўсё, як ёсць. Са мной усё добра. Таму, калі вы ў 20-м годзе бралі ўдзел у тых падзеях, – усе мы людзі, усе мы памыляемся – вы таксама можаце смела прыйсці. Вам за гэта нічога не будзе», – сказала Ванэса Марская сваім падпісантам.

Але менш як два месяцы таму асудзілі сямейную пару – Міхаіла і Дар‘ю Суднікаў. Паводле праваабаронцаў, галоўным доказам магло быць фота з той самай кнігі «Я выходжу». Вырак – тры гады абмежавання волі. Паводле некаторых звестак, лік падобных справаў ідзе на дзясяткі. Чаму ж адных удзельнікаў маршаў адпраўляюць пад суд, а іншых – адпускаюць?

«Паказальная гісторыя, якая накладаецца на агульны трэнд размоваў “А давайце вяртайцеся людзі з-за мяжы, пакайцеся, і мы дамо вам невялікае пакаранне”. Агульны трэнд ідзе нібыта на нармалізацыю сітуацыі ў краіне», – пракаментаваў гісторыі Ванэсы Марской медыяэксперт і палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі.

На мінулым тыдні Лукашэнка агучыў умову вяртання на радзіму для тых, хто з’ехаў ад пераследу: пакаянне і лаяльнасць. Вырашаць, каму прабачыць, даручыў так званаму генеральнаму пракурору Андрэю Шведу. Ён мае ачоліць адмысловую камісію.

Выпадак Ванэсы Марской пакуль адзінкавы, дадае Паўлюк Быкоўскі. Цікава, што для паказальнага «адпушчэння грахоў» выбралі блогерку з немалой для Беларусі аўдыторыяй – амаль 30 тысяч падпісантаў. Ці яна сама праявіла ініцыятыву, ці сілавікі зрабілі ёй прапанову, ад якой цяжка адмовіцца, – матывацыя дзяўчыны невядомая. Улады ж, імаверна, хочуць на нейкі час супакоіць грамадства, мяркуе палітолаг Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных справаў.

«Трэба мець на ўвазе, што хутка будуць выбары і ва Усебеларускі народны сход, і ў парламент. І Лукашэнку патрэбнае калі не падтрыманне, то хаця б лаяльнасць пэўнай часткі насельніцтва», – кажа Рыгор Ніжнікаў.

Ці азначае гэта, што рэпрэсіі прыпыняцца? Аўтарытарныя рэжымы часам ідуць на лібералізацыю, адзначае палітолаг. Але пры ўмове, што дыктатар мае істотнае падтрыманне ўнутры грамадства.

«Я думаю, Лукашэнка ў той сітуацыі, калі для ягонага рэжыму рэпрэсіі – гэта адзінае выйсце. Таму рэпрэсіі не будуць спыняцца, таму гэты стан страху застанецца галоўнай «манетай» унутры краіны, будзе рухаць беларускую ўнутраную палітыку», – прагназуе Рыгор Ніжнікаў.

Ці можна ўвогуле давяраць абяцанкам лукашыстаў?

«Прыкладна тое ж самае кажуць следчыя: будзе прызнанне – будзе лягчэйшае пакаранне. Але часта пакаранне на гэтых прызнаннях і будуецца. І не вядома, ці было б увогуле пакаранне без гэтых прызнанняў», – кажа Паўлюк Быкоўскі.

У нашай гісторыі падобныя прыклады, калі ўлады ўдавалі прымірэнне з апанентамі, ужо былі. Гэтак, у 20-ыя гады мінулага стагоддзя частка беларускіх палітэмігрантаў вярнулася ў БССР падчас абяцанай амністыі. Шмат каго з іх потым рэпрэсавалі. Ці не паўторыцца падобная гісторыя ў Беларусі лукашэнкаўскай?

Валянцін Васіленка, «Белсат»