Пайсці і не вярнуцца... Вынік...

Рэжысёр: «Белсат» Год: 2021

Хто б мог уявіць, як адрэагуюць улады Беларусі на незадавальненне грамадзянаў рэжымам? Прадстаўнікам сілавых структураў выдалі індульгенцыю на бязлітаснае абыходжанне з людзьмі. Ёсць загінулыя. У першых трох частках рэпартажу мы спрабавалі пазнаёміць гледачоў з ахвярамі рэжыму, а сёння мы хочам вам расказаць пра вынікі расследаванняў.

Аляксандра Тарайкоўскага забілі стрэлам у грудзі. Дзеянні сілавікоў прызналі правамернымі. У завядзенні крымінальнай справы адмоўлена. Блізкім не далі азнаёміцца з вынікамі праверкі.

Канстанціна Шышмакова знайшлі павешаным у лесе. Вынік праверкі: суіцыд. У завядзенні крымінальнай справы адмоўлена.

Аляксандр Віхор памёр у рэанімацыі, куды трапіў з СІЗА. Вынік праверкі: смерць праз абвастрэнне захворванняў. У завядзенні крымінальнай справы адмоўлена.

Генадзь Шутаў застрэлены вайскоўцамі. Ён пасмяротна прызнаны вінаватым у супраціве. У завядзенні крымінальнай справы паводле факту гібелі Шутава адмоўлена. Ягоны сябар Аляксандр Кардзюкоў, які быў з ім побач падчас забойства, таксама прызнаны вінаватым у супраціве. Яго асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Так сёння выглядае правасуддзе ў Беларусі. Так сёння працуе ў краіне закон. І ніхто ні ад чаго не застрахаваны.

Рэпартаж, 2021 г., Беларусь