«Я памятаю практычна кожны дзень, праведзены ў гэтай вайсковай частцы. Тое, што там творыцца, для мяне не проста гісторыя ў газеце. Я сам прайшоў праз гэты «лагер» і ведаю, што гэта такое», – напісаў у лісце Belsat.eu 36-гадовы Сцяпан Кульчанка з Мар’інай Горкі.
Мужчына вырашыў распавесці пра сваю службу ў войску, даведаўшыся пра смерць некалькіх жаўнераў у вайсковых частках Барысава.
Напрыканцы 90-ых Сцяпан узначальваў мясцовае аддзяленне «Маладога фронту». За ўдзел у несанкцыянаваных акцыях супраць абʼяднання Расеі і Беларусі быў адлічаны з ВНУ і ў 2000 годзе трапіў у гарнізон у Печы. «Як сказаў ваенкам, «на перанавучанне і перавыхаванне». Ён ведаў, што творыцца ў Печах», – распавядае Сцяпан.
«З тых часоў нічога не змянілася. Жаўнераў труцілі хлёркаю, білі, прыніжалі, запіхвалі галаву ва ўнітаз.
Каб не было слядоў пабояў, выкарыстоўвалі матрац. Накрывалі матрацам і лупілі жалезнай трубою. Калі бачылі, што засталіся гузакі, – не пускалі ў лазню, бо часамі прыязджаў кантроль з камендатуры.
Паборы пачаліся з першага дня. Мне як палітычнаму далі боты, меншыя на адзін памер. Так я паўгода і прамаршыраваў у іх. Пасля вучэбкі ў мяне пальцы былі паджатыя як у балерыны. Калі выйшаў з вучэбкі і трапіў сваю частку, я адразу папрасіў іншыя боты – далі без праблем».
«Цяжэй за ўсё было гарадскім хлопцам. У некаторых была вышэйшая адукацыя. Яны ўсурʼёз абмяркоўвалі, які палец адсекчы, каб іх камісавалі. Я прыйшоў туды маральна падрыхтаваны і супраціўляўся. Іншых ламалі. Вось прыходзіць новы жаўнер, і сяржант абірае сабе «шасцёрак» – гэтак званых «сланоў», якія пазней будуць выбіваць грошы. Быў хлопец з Барысава, у яго быў толькі бацька, які, здаецца, настаўнікам працаваў. Ну адкуль у яго грошы? У сталоўцы гэтага хлопца ставілі апошнім у чарзе, каб ежы не хапіла. Некаторыя жаўнеры не елі па два тыдні.
Я на дзяжурстве не раз бачыў жаўнераў, што ядуць з памыйнага вядра. Хлопцы былі настолькі «апушчаныя», што за куском хлеба лезлі ў памыі. Вось такая наша армія – турма са сваёй іерархіяй».
«Яны чыталі лісты. Трымалі ўсё пад кантролем. Камбат мог прыйсці пʼяны і сказаць: «Каму тут што не падабаецца? Хто тут мамцы піша?» Там скардзіцца не было каму. А тых, хто скардзіўся, пэўны час не краналі. Білі хлопцаў, якія вадзіліся з імі. За скаргу цябе рабілі ізгоем. Гэтая сістэма выбудоўвалася дзесяцігоддзямі. Рабілася ўсё, каб не было сяброў. Праўда, былі тры хлопцы з Пінску, якія трымаліся разам. Калі хтосьці з іх «правініцца», то каралі траіх. Нармальныя хлопцы былі».
«Нас было каля 200 чалавек. Кожны меў пры сабе нейкія грошы. Вось вам і бабкі на «суботнік». Або заробак прыйшоў – ішоў збор даніны на «адпачынак». Прыходзілі прастытуткі ці хто яны там, часамі былі 30-гадовыя. Дзяжурныя афіцэры выдатна ведалі, што адбываецца».
«Я маці нічога не распавядаў пра гэта. Не хацеў засмучаць. Проста сказаў ёй, каб яна не прысылала мне грошы. Успрымаў вучэбку як лагер».
«Калі я служыў, было некалькі пабегаў са зброяй, але часцей сустракалася «членашкодніцтва». Жаўнеры бралі іголку, корпаліся ёй у зубах і калолі сабе шыю ў вобласці каўняра або руку, каб зʼявілася гематома. Гэтага было дастаткова, каб цябе забралі ў медсанбат.
У Сцяпана – двое дзяцей: сын і дачка. «Спадзяюся, што мой сын не будзе служыць. Не хачу, каб яму, як мне ныркі адбілі», – сказаў напрыканцы размовы Сцяпан.
ЮВ, belsat.eu