Начальніка Столінскага РАУСу, падпалкоўніка Вячаслава Філіпчыка затрымалі 22 красавіка ў вёсцы Галева Пінскага раёну. Ён знаходзіўся за стырном у стане алкагольнага ап’янення. Пра гэта сёння паведаміла прэс-служба МУС.
Затрыманне адбылося падчас сумеснага планавага рэйду. Паводле прэс-службы, затрымлівалі Філіпчыка супрацоўнікі спецыяльнага ўзводу «Буг» ДПС ДАІ Упраўлення ўнутраных спраў па Берасцейскай вобласці, супрацоўнікі ўпраўлення ідэалагічнай працы і кадравага забеспячэння, а таксама Галоўнага ўпраўлення ўнутранай бяспекі МУС.
Падкрэсліваецца, што на момант інцыдэнту, Філіпчык быў у адпачынку.
Цяпер падпалкоўніка пакараюць згодна з адміністрацыйным заканадаўствам і звольняць з міліцыі.
«Змяніць рэдакцыйную палітыку» парэкамендаваў «Белсату» начальнік прэс-службы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Канстанцін Шалькевіч, калі мы звярнуліся да яго па каментар з нагоды затрымання Філіпчыка.
Мы паспрабавалі высветліць у прэс-службе МУС, ці знаходзіцца Філіпчык у ізалятары і даведацца статыстыку падобных правапарушэнняў з боку міліцыянтаў.
На просьбу «Белсату» прэс-сакратар ведамства Канстанцін Шалькевіч адрэагаваў наступным чынам: «Вашаму тэлеканалу я не буду нічога каментаваць. Па-першае, вы не маеце акрэдытацыі, па-другое – усе навіны асвятляеце тэндэнцыйна. Ніякіх каментароў не будзе, пакуль вы не зменіце сваю рэдакцыйную палітыку».
Мы папрасілі ўдакладніць, чаму і ў які бок «Белсату» трэба змяніць палітыку, аднак Шалькевіч сказаў:
«Гэта не тэлефонная размова»
Раней у Беларусі ўжо прыцягвалі да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія кіравалі ў нецвярозым стане і праз гэта трапілі ў ДТЗ. У 2008 годзе, паводле міліцэйскай зводкі, намеснік старшыні Лунінецкага РАУС пра такіх абставінах збіў 14-гадовую дзяўчынку. Трыма гадамі пазней на Случчыне ў ДТЗ з удзелам пʼянага міліцыянта загінулі 2 асобы. Летась п’яны начальнік дарожнай аўтаінспекцыі з Баранавічаў збіў на смерць жанчыну.
Кацярына Андрэева, belsat.eu