«Невінаваты»: Андрэя Бандарэнку апраўдалі


(аднаўляецца)

Андрэй Бандарэнка, былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Інавэйшн» апраўданы за адсутнасцю склада злачынства.

«Невінаваты. Апраўдаць», – такі прысуд вынес суддзя Леніскага раёну Магілёву  Сяргей Мазураў.

Андрэй Бандарэнка ў каментары svaboda.org заявіў пасля вынясення апраўдальнага прысуду заявіў:

«Толькі дзякуючы грамадству быў агучаны такі вырак, я яго не чакаў. Гэта крыху змяніла маё стаўленне да беларускай судовай сістэмы».

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка выйдзе на волю 31 сакавіка 2017 году.

______________________________________________________________

У магілёўскім судзе Леніскага раёну працягваецца разгляд справы былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформ Інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі.

Андрэя Бандарэнку вінавацяць у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (па ч.2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса).

«Пракурор (Сяргей Мінаў – Заўв. Belsat.eu) просіць даць Бандарэнку год пазбаўлення волі і ўжыць меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту», – напісала ў сваім «Facebookʼу» праваабаронца Таццяна Рэвяка.

Фота: facebook.com/taciana.reviaka

Праваабарончая арганізацыя «Платформ Інавэйшн» займалася маніторынгам месцаў зняволення.

У 2014 годзе Андрэя Бандарэнку прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзянаў і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Андрэй Бандарэнка пра ўсёдазволенасць і бязмежжа міліцыянтаў (відэа 2012 г.)

Праваабаронцы перакананыя, што новы суд над Бандарэнкам – гэта працяг помсты за праваабарончую дзейнасць.

Тэрмін зняволення праваабаронцы заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.

Андрэй Бандарэнка ў сваім апошнім слове сказаў:

«Існуючая пенітэнцыярная сістэма – гэта сістэма падаўлення іншадумцаў, а не выпраўлення… Зʼяўленне арт. 411 было наканаванае сістэмай. Ёсць паралель з 1937 годам, калі людзей трэба было яшчэ трымаць у турмах пасля таго, як яны адбылі свой тэрмін. Мы разам з калегам Міхаілам Жамчужным стварылі праваабарончую арганізацыю «Платформа», якая займалася правамі зняволеных і маніторынгам месцаў зняволення. У тым ліку, мы фіксавалі парушэнні ў тым ліку ў Бабруйскай ВК-2, куды я затым трапіў. Натуральна, калі я трапіў у гэтую калонію, на мяне пачаў аказвацца ціск, а мая бяспека апынулася пад пагрозай. Прыйшлося прасіць перавод у бяспечнае месца. Мяне перанакіравалі ў Шклоўскую ВК-17. Аднак там таксама ўсё паўтарылася. Менавіта ў Шклове я быў прызнаны злосным парушальнікам рэжыму за тое, што ў маёй камеры знайшлі пыл. Аднойчы мяне выклікалі і недвухсэнсоўна далі зразумець, што мне лепш пакінуць яе. Мне «прапанавалі» напісаць заяву аб пераводзе ў Магілёўскую турму №4. Выбару асабліва не было. Так я апынуўся ў Магілёве. Знаходзячыся ў адзіночнай камеры, я думаў, што змагу пазбегнуць правакацыяў, якія ўзніклі б пры кантакце з іншымі вязнямі», – цытуе праваабаронцу spring96.org.

Прысуд будзе абвешчаны а 16:00.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў