ВУП Беларусі вырас на 4,1 % у першым квартале. Гэта больш за чаканні і выклікае асцярогі


У першым квартале 2024 года ВУП Беларусі вырас на 4,1 % у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года, а асобна ў сакавіку – на 4,4 %. Гэта больш, чым чакалася, аднак BEROC лічыць, што такія тэмпы росту «перавышаюць збалансаваныя». Даведаліся, коштам чаго адбываецца рост і чаму ў экспертаў ёсць асцярогі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Захоўваецца мяккасць грашова-крэдытных умоваў, ільготнае крэдытаванне і імклівае павышэнне заробкаў у сітуацыі дэфіцыту работнікаў узмацнялі і без таго вельмі высокі ўзровень спажывецкага попыту. У спалучэнні з ростам ВУП Расеі, які прыкметна пераўзыходзіць кансэнсус-прагнозы, залішні попыт падтрымліваў працу на знос беларускай прамысловасці.

Інвестыцыі, нягледзячы на адскок у сакавіку, паказалі прыкметнае зніжэнне ў першым квартале 2024 года. Іх аб’ём быў блізкі да ўзроўняў канца 2007 года, а доля ў ВУП была блізкай да мінімумаў амаль за 20 гадоў. У выніку якасць эканамічнага росту выглядае нізкай, а эканоміка працягвае перагравацца, шмат у чым ідучы ў фарватары “ссунутага” ў бок вайскова-прамысловага комплексу і няўстойлівага росту эканомікі Расеі», – піша BEROC.

Прамысловасць – драйвер, IT – аўтсайдар

Цягнула ВУП уверх прамысловасць. Яе дададзеная вартасць у сакавіку вырасла на 5,5 % у параўнанні з сакавіком 2023 года.

«Падобныя ўсплёскі фіксаваліся і летась ды былі звязаныя з часовымі пікавымі абʼёмамі выпуску нафтапрадуктаў і, магчыма, калійных угнаенняў. Рэгіянальная дынаміка прамысловасці сведчыць пра тое, што ў сакавіку 2024 года таксама магло мець месца нарошчванне нафтаперапрацоўвання і вытворчасці калійных угнаенняў. Пры гэтым дынаміка складскіх запасаў дае падставу меркаваць, што павышаныя абʼёмы выпуску нафтапрадуктаў не прадаваліся цалкам, а часткова ішлі на папаўненне рэзерваў, магчыма, для аператыўнага павелічэння продажу ў Расею пры неабходнасці.

У сітуацыі далейшага “разбухання” вайскова-прамысловага комплексу Расеі рост у сакавіку мог таксама захоўвацца ў машынабудаванні, дзе загрузка вытворчых магутнасцяў застаецца на звышаптымальным узроўні і ідзе праца на знос», – працягвае BEROC.

А рост прамысловасці спрыяў павелічэнню грузаабароту і агулавага гандлю, што таксама дапамагала ВУП расці.

Дынаміка дададзенай вартасці галінаў эканомікі Беларусі.
Графік: BEROC

Ранейшы драйвер беларускай эканомікі (сектар інфармацыі і сувязі) стаўся ў сакавіку адзінай галіной, што сышла ў мінус. Дададзеная вартасць там упала на 2,4 % у параўнанні з сакавіком 2023 года.

«Дададзеная вартасць сектару інфармацыі і сувязі ў першым квартале 2024 года заставалася блізкай да лакальнага дна папярэдняга квартала, што адпавядае абʼёму выпуску першай паловы 2019 года. Такім чынам, сфера IT, імаверна, павольна “адыходзіць” ад працяглага спаду, але перспектывы яе росту выглядаюць туманна», – пішуць эксперты.

Спажывецкі попыт працягваў расці хуткімі тэмпамі ў першым квартале 2024 года.

«У выніку чаго дададзеная вартасць гандлю прыкметна перавышала дакрызісныя абʼёмы», – адзначае BEROC.

Пры гэтым інфляцыя заставалася нізкай у выніку дзяржаўнага цэнавага кантролю.

«Гадавы прырост спажывецкіх цэнаў запаволіўся з 5,6 % г/г у лютым да 5,55 % г/г у сакавіку. Строгае дзяржрэгуляванне абмяжоўвае магчымасці рэалізацыі ў цэнах ціску з боку спажывецкага попыту і рынку працы, што выяўляецца ў прыглушанай дынаміцы базавай інфляцыі, асабліва ў сегменце нехарчовых тавараў. Пры гэтым узровень цэнаў на нерэгуляваныя паслугі працягвае прыкметна перавышаць узровень цэнаў на ўсе паслугі (большасць з якіх наўпрост рэгулюецца ўрадам) і нехарчовыя тавары, што падкрэслівае высокую імавернасць наяўнасці значнага інфляцыйнага навесу», – падкрэслівае BEROC.

У выніку рэгулявання цэнаў інфляцыя застанецца нізкай у красавіку, а гадавы паказнік прагназуецца на ўзроўні 5,6–5,8 %.

Аб’ектыў
Беларускі ІТ-сектар губляе працоўныя кадры
2024.04.18 20:51

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў