У МУС пацвердзілі смерць 47-гадовага міліцыянта з Берасця Дзмітрыя Каравякоўскага


У афіцыйным выданні Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі «На страже» з’явілася паведамленне пра тое, што раптоўна памёр 47-гадовы начальнік Ленінскага РАУС Берасця Дзмітрый Каравякоўскі.

Палкоўнік міліцыі Дзмітрый Каравякоўскі.
Фота: brestcity.com

Раней крыніцы «Белсату» паведамлялі, што Каравякоўскага пахавалі 15 красавіка, развітанне з ім прайшло ў Палацы культуры прафсаюзаў Берасця.

Начальнікам РАУС Ленінскага раёну Берасця Каравякоўскага прызначылі не так даўно ў жніўні 2021 года. У 2020 годзе Каравякоўскі працаваў начальнікам пінскай міліцыі і асабіста кіраваў разгонамі падчас пратэстаў. У выніку ўзнікла «пінская крымінальная справа», па якой дзясяткі чалавек былі асуджаныя да тэрмінаў ад 3,5 да 6,5 гадоў і вялізных штрафаў. У матэрыялах крымінальнай справы ні раз фігуруе прозвішча Каравякоўскага, ён даваў паказанні супраць пінчукоў, якія выступілі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, а таксама загадваў разганяць мірныя пратэсты.

«Людзі прыйшлі на плошчу з балонікамі, з дзецьмі – і проста чакалі. Прыйшлі адстаяць свае галасы, паказаць, што яны ёсць. А ў адказ, што добра было чуваць на відэазапісе ў судзе, Каравякоўскі загадаў: «Да бою» і «Адкрыць агонь». Вядома, гэта спужала людзей і падштурхнула да абароны», – распавядала Таццяна Собалева, жонка бацькі палітвязня Алега Рубца.

Агляд
На Берасцейшчыне пасля 2020 года памерлі не менш за пяць палкоўнікаў
2024.03.08 11:00

Сёлета ў веку 44 гадоў памёр начальнік Упраўлення супрацьдзеяння кіберзлачыннасці Берасцейскага УУС палкоўнік Андрэй Глінскі. У міліцыі ён прапрацаваў 20 гадоў, а апошнюю пасаду заняў улетку 2022 года. Таксама ў лютым сёлета стала вядома пра смерць 47-гадовага былога начальніка калоніі № 3 «Віцьба» Аляксея Старавойтава. Ён працаваў у «Віцьбе» з 1998 года, прыйшоў на працу кантралёрам, даслужыўся да начальніка, кіраваў калоніяй каля пяці гадоў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў