Баі па ўсёй шырыні фронту. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 785-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 18 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Герой Украіны падпалкоўнік Сяргей Вярбіцкі аглядае рэшткі свайго самалёта СУ-24М на ўскраіне гораду Ізюм Харкаўскай вобласці. 22 сакавіка 2022 года экіпаж бамбавіка СУ-24М у складзе лётчыка Аляксея Каваленкі і штурмана Сяргея Вярбіцкага разбамбіў калону расейскай цяжкай тэхнікі, пасля чаго іх самалёт быў збіты. Лётчык Аляксей Каваленка загінуў, а штурману Сяргею Вярбіцкаму ўдалося катапультавацца і параненаму дабрацца да ўкраінскіх пазіцый. Абодва лётчыкі ўдастоены звання Героя Украіны. Ізюм, Украіна. 17 красавіка 2024 года.
Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё чатырох атак праціўніка ў ваколіцах сяла Новасяргееўка на ўсходзе Харкаўскай вобласці. Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» фіксуе істотныя страты УС РФ – 20 забітых і 40 параненых вайскоўцаў.

У гэты ж час аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць прасоўванні войскаў РФ каля Іванаўкі ў Купянскім раёне.

Ціск УС РФ і напружаную сітуацыю для сілаў абароны на гэтым участку фронту пацвярджае канал «Говорять Снайпер».

На суседнім ліманскім кірунку Узброеныя сілы РФ цягам апошніх содняў наступалі каля Неўскага на Луганшчыне і Цернаў у Данецкай вобласці, але поспеху не дасягнулі.

Праўкраінскі «Офіцер» удакладняе, што пад Цернамі ЗСУ ў ходзе баёў знішчылі танк і БМП праціўніка, пасля чаго войскі РФ спынілі наступальныя аперацыі.

У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што самыя ўкраінцы двойчы няўдала контратакавалі каля Цернаў.

Агулам, нягледзячы на пастаянныя атакі расейцаў цягам апошніх месяцаў, Збройныя сілы Украіны ўдала абараняюцца на невялікім плацдарме на левым беразе ракі Жарабец.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На поўдні ад ракі Северскі Данец расейцы правялі шэраг безвыніковых атак у ваколіцах населеных пунктаў Выемка і Раздолаўка ў Данецкай вобласці і каля Белагораўкі на Луганшчыне.

Пры гэтым асноўная актыўнасць Узброеных сілаў РФ па-ранейшаму лакалізуецца ў ваколіцах гораду Часаў Яр (на ўсходзе ад Бахмуту).

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што на паўночным усходзе ад гораду УС РФ замацоўваюцца каля раней занятага сяла Багданаўка, адбіваючы контратакі ўкраінцаў. Адначасова з гэтым расейцы атакуюць усходнія ўскрайкі самога Часавага Яру (раён гораду за каналам Северскі Данец – Данбас).

Яшчэ адна прарасейская крыніца – «Рыбарь» – сцвярджае, што баі ідуць каля будынку мясцовай вучэльні.

Між тым праўкраінскі «Бахмутський Демон» паведамляе, што праціўнік толькі часова заходзіць у сам горад асобнымі штурмавымі групамі, але даволі хутка знішчаецца.

На поўдні ад Бахмуту расейцы ціснуць каля сяла Клішчыеўка, але таксама, паводле Генштабу ЗСУ, не маюць поспеху.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, сілы абароны краіны цягам апошніх содняў адбілі не менш за 19 атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сямёнаўка, Новабахмутаўка, Ачарэтына, Новакалінавае, Яснабродаўка, Няйталава, Первамайскае і Новаўкраінка.

Між тым іншыя крыніцы фіксуюць прасоўванні расейцаў на паўночным фланзе кірунку.

Так, у Deepstate паведамляюць аб прасоўваннях УС РФ у сяле Новакалінавае і на ягоных ускрайках. Таксама аналітыкі адзначаюць працяг баёў у Ачэрэтыне і Бэрдычах. Пры гэтым удакладняецца, што ў Ачэрэтыне баі ідуць на ўсходніх ускрайках сяла каля мясцовай электрычнай падстанцыі.

Канал «Два майора» мяркуе, што Узброеныя сілы РФ намагаюцца абысці сяло Новакалінавае з поўначы.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што акрамя гэтага войскі РФ прасунуліся на паўднёвым фланзе аўдзееўскага кірунку на выступе па фронце паміж сёламі Первамайскае і Невельскае.

Мінабароны РФ фіксуе шматлікія контратакі ўкраінцаў па ўсёй лініі сутыкнення.

На суседнім навапаўлаўскім кірунку расейскія вайскоўцы ціснуць у  ваколіцах Краснагораўкі, Пабеды, Новаміхайлаўкі і Вадзянога. Пегаў гаворыць пра поспехі расейцаў на паўднёвым усходзе гораду Краснагораўка.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца на так званым урэмеўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў.

Генштаб ЗСУ сцвярджае, што расейцы атакавалі ў ваколіцах сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае, але сілы абароны Украіны ўтрымалі свае пазіцыі.

Разам з тым тэлеграм-канал вайскоўцаў РФ «Воин DV» піша пра захоп двух апорных пунктаў украінцаў каля Ураджайнага.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці расейцы наступаюць на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў). «Рыбарь» паведамляе, што УС РФ паступова замацоўваюцца на ўсходзе Работына.

У Херсонскай вобласці асноўная актыўнасць бакоў засяроджаная на левым беразе Дняпра.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што ЗСУ перакінулі дадатковыя сілы ў Крынкі і крыху расшырылі свой плацдарм у населеным пункце. Агулам, паводле крыніцы, цяпер у сяле знаходзіцца каля сотні ўкраінскіх вайскоўцаў.

Іншы канал – «Позывной OSETIN» – паведамляе, што таксама Збройныя сілы захоўваюць прысутнасць на лецішчах у ваколіцах Антонаўскага моста.

Украінскае камандаванне сцвярджае, што цягам содняў праціўнік тройчы атакаваў пазіцыі сілаў абароны на левабярэжжы, але поспеху не дасягнуў.

Канал «Говорять Снайпер» фіксуе перавагу ЗСУ ў артылерыі і FPV-дронах, пры дапамозе якіх удалося выбіць расейцаў з асобных участкаў.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў