У Барысаве мужчына патануў у лужыне


Жыхара Барысава знайшлі мёртвым на адной з вуліцаў гораду. Ён ляжаў тварам у лужыне без прыкметаў жыцця, паведамляе Таварыства выратавання на водах. Як пазней высветлілася, загінулым аказаўся 56-гадовы мясцовы жыхар.

Фота: osvodrs / Telegram

Экспертыза выявіла, што ён памёр у выніку ўтаплення. Мужчына быў у стане алкагольнага ап’янення: ён паваліўся тварам у лужыну і захлынуўся вадой.

Гэта другі такі выпадак з пачатку года. Так, у Мазырскім раёне 72-гадовы мужчына выпаў з акна ў лужыну. Смерць таксама наступіла ад утаплення. У крыві тапельца было 4,1 праміле алкаголю.

За мінулы год, паводле звестак Таварыства выратавання на водах, у Беларусі зарэгістравана 339 выпадкаў утаплення пры розных абставінах. Пры падзенні ў ваду загінулі 160 чалавек. З іх 74 патанулі падчас купання ў вадаёмах, 46 – падчас рыбалкі, 8 праваліліся пад лёд, 14 памерлі, прымаючы ванну.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў