Ізраіль вызначыўся з адказам на іранскую атаку, а Захад пакуль толькі плануе санкцыі


Злучаныя Штаты і іхныя саюзнікі плануюць новыя санкцыі супраць Ірану за беспрэцэдэнтны абстрэл Ізраілю ў ноч на 14 красавіка, піша «Reuters». А «The Jerusalem Post» расказвае, што Ізраіль ужо вызначыў, які будзе адказ на атаку, толькі не вызначыў, калі той будзе. Чым Ізраіль адкажа, невядома.

Запуск ракеты падчас атакі на Ізраіль. Тэбрыз, Іран. 14 красавіка 2024 года.
Фота: HananyaNaftali / X.com

Хоць атака Ірану не прывяла да значнай шкоды і смерцяў у Ізраілі дзякуючы супрацьпаветранай абароне Ізраілю, Злучаных Штатаў, Іярданіі і іншых, яна падвысіла небяспеку вялікай вайны, адзначае «Reuters». Каб адгаварыць Ізраіль ад масіўнага адказу на атаку, Злучаныя Штаты і дзяржавы Еўропы заяўляюць аб узмацненні эканамічных і палітычных санкцыяў супраць Ірану.

ЗША плануюць увесці новыя санкцыі ў бліжэйшыя дні, скіраваць іх супраць ракетнай і беспілотнай праграмы Ірану, і чакаюць, што саюзнікі паследуюць прыкладу, заявіў 16 красавіка дарадца па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван. Раней сакратарка казначэйства (міністарка фінансаў) Джэнет Елен заявіла, што ЗША будуць выкарыстоўваць санкцыі і супрацоўнічаць з саюзнікамі, каб працягваць перашкаджаць «злоснай і дэстабілізуючай дзейнасці» Ірану, разглядаюць усе спосабы перашкодзіць іранскаму фінансаванню тэрарызму.

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў вонкавай палітыцы Жузэп Бурэль у выступе пасля экстраннай відэаканферэнцыі міністраў замежных справаў Еўразвязу  заявіў, што некаторыя краіны-чальцы папрасілі пашырыць санкцыі супраць Ірану і што дыпламатычная служба блоку пачне працаваць над гэтай прапановай. Прапаноўвалі, паводле яго, пашырыць рэжым санкцыяў супраць паставак іранскіх беспілотнікаў у Расею, каб санкцыі таксама ўключалі ў сябе пастаўкі ракетаў і маглі ахопліваць пастаўкі іранскім проксі-сілам на Блізкім Усходзе.

Разбор
Чаму Іран атакаваў Ізраіль – і да чаго тут Газа, «Хамас», «Хізбула» і хусіты
2024.04.14 14:18

Ізраільскае выданне «The Jerusalem Post» расказвае са спасылкай на ўласныя крыніцы, што Сілы абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) ужо вызначыліся з тым, як адкажуць на атаку Ірану. Але цяпер пытанне стаіць у тым, калі будзе адказ. Магчыма, у бліжэйшыя дні яго і не будзе, адказ могуць адкласці на пазнейшы тэрмін.

Што за адказ будзе, не паведамляюць. Паводле выдання, кіраўніцтва Ізраілю па-ранейшаму хоча змякчыць адказ, каб пазбегнуць перарастання канфлікту ў вялікую рэгіянальную вайну.

Як варыянты называюць удар па іранскіх ядравых аб’ектах, удар па пляцоўках запуску ракет і беспілотнікаў, забойства канкрэтных асобаў, спалучэнне нейкага з гэтых варыянтаў з кібератакай. Некаторыя сігналы, паводле выдання, паказваюць, што ў адказ будуць уцягнутыя паветраныя сілы.

Аналітыка
Блізкі Усход на «нязведанай тэрыторыі». Якім будзе адказ Ізраілю на напад Ірану?
2024.04.15 19:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў