Расейцы намагаюцца абысці Часаў Яр з поўначы і поўдня. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 783-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 16 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

У цэнтры Кіева адбылася акцыя «Не маўчы. Палон забівае» у падтрымку палонных абаронцаў «Азоўсталі», усіх палонных і зніклых без вестак. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі сем’і ваеннапалонных марыупальскага гарнізону. Кіеў, Украіна. 14 красавіка 2024 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё шэрагу атак праціўніка за содні ў ваколіцах населеных пунктаў Церны, Торскае, Верхнякаменскае і Спірнае на поўначы Данецкай вобласці, а таксама каля Белагораўкі на Луганшчыне. Пры гэтым адзначаецца, што найбольшая актыўнасць праціўніка была засяроджаная ў ваколіцах Цернаў, дзе сілы абароны адбілі восем атак.

У сваю чаргу ў Міністэрстве абароны РФ заявілі аб паляпшэнні становішча сваіх вайскоўцаў каля сяла і адбіцці двух контратак украінцаў.

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што войскі РФ адбілі адну з раней страчаных пазіцыяў на поўначы ад Цернаў.

Пры гэтым іншая праўкраінская крыніца – «Офіцер» – сцвярджае, што ЗСУ добра замацаваліся на пазіцыях каля населенага пункту, а пік актыўнасці праціўніка на гэтым участку фронту прайшоў. Разам з тым адзначаецца, што ваколіцы Цернаў – так званы торскі выступ – па-ранейшаму маюць ключавое значэнне на ліманскім кірунку.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, войскі РФ наступалі каля населеных пунктаў Часаў Яр, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка, але прасунуцца не здолелі.

Між тым расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што УС РФ прасунуліся ў ваколіцах Часавага Яру, заняўшы частку пазіцыяў праціўніка.

Вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ пішуць, што войскі РФ распачалі штурм сяла Калінаўка на поўначы ад гораду. Гэты населены пункт, на думку крыніцы, з’яўляецца ключавой кропкай у абароне, паколькі, заняўшы яго, расейцы змогуць наступаць цераз сухі ўчастак каналу Северскі Данец – Данбас (тут пракладзены трубаправод).

Адначасова з гэтым Узброеныя сілы РФ намагаюцца прарвацца цераз батанічны заказнік «Ступкі Галубоўскія 2», дзе канал на ўчастку каля кінатэатра таксама праходзіць па трубах.

Такім чынам, акрамя ціску на ўсходні раён гораду (адарваны ад асноўнай часткі каналам Северскі Данец – Данбас), расейцы абыходзяць Часаў Яр з флангаў.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Демон» паведамляе, што пакуль войскам РФ не ўдаецца замацавацца на ўсходзе гораду, але яны прысутнічаюць у ваколіцах.

«Говорять Снайпер» адзначае, што сітуацыя на бахмуцкім кірунку складаная, і ЗСУ трымаюць фронт на 90% за кошт ужывання FPV-дронаў.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку ўкраінскае камандаванне фіксуе не менш за 15 няўдалых атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Новабахмутаўка, Бэрдычы, Сямёнаўка, Уманскае і Первамайскае.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што Узброеныя сілы РФ прасунуліся на поўначы ад Бэрдычаў у бок сяла Ачэрэтына, у выніку чаго пад іхным кантролем апынулася садовае таварыства «Зара».

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што таксама на паўночным фланзе кірунку УС РФ маюць поспех у сяле Новакалінавае, дзе яны прасунуліся на поўнач да скрыжавання вуліцаў Стэпавая і Першатраўневая.

Акрамя гэтага крыніца фіксуе пераход большай часткі Сямёнаўкі пад кантроль расейцаў. Цяпер Збройныя сілы захоўваюць пазіцыі толькі на паўночных ускрайках сяла. У гэты ж час у суседніх Бэрдычах ЗСУ кантралююць заходнюю частку.

На поўдні кірунку «Рыбарь» фіксуе прасоўванні расейцаў на поўдзень ад Первамайскага, але пры гэтым адзначаецца, што сілы абароны Украіны захоўваюць частку пазіцыяў на ўчастку фронту паміж сёламі Первамайскае і Невельскае.

У Мінабароны РФ гавораць пра контратакі ўкраінцаў па ўсёй лініі сутыкнення.

На навапаўлаўскім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія наступаюць у ваколіцах Краснагораўкі, Пабеды, Новаміхайлаўкі і Вадзянога.

У Deepstate гавораць аб прасоўваннях расейцаў у Краснагораўцы.

«Рыбарь» сцвярджае, што УС РФ рухаюцца на паўднёвым і ўсходнім ускрайках гораду абапал мясцовай чыгуначнай лініі.

Байцы 46-й брыгады ЗСУ пішуць, што праціўнік часова прасунуўся да чыгуначнай станцыі, але замацавацца не здолеў.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку актыўнасць расейцаў захоўваецца на так званым урэмеўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў. Генштаб ЗСУ піша пра шэраг безвыніковых атак праціўніка за апошнія содні ў ваколіцах сёлаў Ураджайнае, Старамаёрскае і Прыютнае.

Між тым аналітыкі Deepstate паведамляюць пра поспехі УС РФ каля сяла Старамаёрскае.

Пра займанне некалькіх пазіцыяў на гэтым участку фронту паведамляе і тэлеграм-канал вайскоўцаў РФ «Воин DV»

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах гораду Арэхаў. Украінскае камандаванне фіксуе няўдалыя атакі праціўніка каля сяла Белагор’е. Пегаў гаворыць пра баі на паўночным захадзе ад Вэрбовага і ў сяле Работына. Разам з  тым істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуе ніводная з крыніцаў.

У Херсонскай вобласці актыўнасць бакоў засяроджаная на левым беразе Дняпра, дзе Збройныя сілы ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў.

Генштаб ЗСУ піша пра пяць адбітых атак праціўніка за содні.

Прарасейскі канал «Два майора» паведамляе пра актывацыю малых групаў украінцаў у ваколіцах Крынак.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – «Romanov Лайт» – сцвярджае, што за апошні час сілы абароны Украіны расшырылі плацдарм на захадзе сяла на адлегласць да 500 метраў, пасля чаго пад іхным кантролем апынулася тэрыторыя шырынёй каля 1,5 і глыбінёй да 200 метраў. Таксама ЗСУ павялічылі колькасць асабовага складу да 80 чалавек.

У сваю чаргу Узброеныя сілы РФ прасунуліся ў цэнтральнай частцы Крынак на шырыню да 400 метраў і глыбіню каля 100.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў