Чаму арабскія краіны дапамаглі Ізраілю адбіцца ад атакі Ірану


Ізраіль паспяхова адбіў маштабную атаку Ірану, якая адбылася 14 красавіка. Амаль усе з 350 іранскіх дронаў і ракет былі збітыя. Дапамагла ў гэтым не толькі чатырохузроўневая сістэма супрацьпаветранай абароны, але і шмат у чым праца саюзнікаў. Сярод іх былі і арабскія краіны, якія калісьці ваявалі з Ізраілем. «Белсат» даведаўся ў эксперта, як і чаму яны з’ядналіся супраць іранскай пагрозы.

Ваеннае кіраўніцтва Ізраілю.
Фота: Israel Defense Forces / X

«Іярданія – апошні буфер паміж Іранам і Ізраілем»

Іран два тыдні рыхтаваў адказ на ўдар Ізраілю па консульстве Ісламскай Рэспублікі ў Сірыі 1 красавіка. Калі зʼявіліся паведамленні аб жорсткім адказе, на абарону Ізраілю сталі ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя.

Дапамога заходніх краін Ізраілю зразумелая – для ЗША Ізраіль мае статус «асноўнага хаўрусніка па-за NATO». Аднак актыўны ўдзел прыняла і Іярданія, з якой Ізраіль ваяваў і заключыў мірны дагавор у 1994 годзе. Гэта была не стыхійная кааліцыя, а вынік доўгай працы, распавядае ізраільскі журналіст, аўтар тэлеграм-канала «Вайна з Ардой» Сяргей Аўслендэр.

«Кожны Іранскі дрон, кожная ракета адсочвалася з моманту, як яны адрываліся ад зямлі. Ступень каардынацыі была настолькі высокай, што ізраільскія лётчыкі працавалі ў іярданскай паветранай прасторы, вялі іх іярданскія дыспетчары. Гэта ўсё дасягаецца з дапамогай дамоўленасцяў.

Для гэтага і патрэбныя саюзнікі. Іх дапамога была не такой ужо і нечаканай. Іярданцы вельмі зацікаўлены ў добрых адносінах з Ізраілем і ў моцным Ізраілі, які забяспечвае ім тыл у супрацьстаянні з той жа іранскай пагрозай і пагрозай ісламскага фундаменталізму, які ўвесь час спрабуе разгайдаць сітуацыю ў Іярданіі», – кажа Сяргей Ауслендер.

Таму Іярданія і Ізраіль пастаянна каардынуюць дзеянні ў галіне бяспекі і абароны.

«У сярэдзіне сямідзясятых, калі Ісламская дзяржава на піку сваёй магутнасці наблізілася да Іярданскіх межаў з боку Іраку, Ізраіль даў зразумець Аману, што гатовы абараняць яго межы як свае ўласныя. Таму што для нас [для Ізраілю]. Іярданія не менш важная, чым мы для яе. Іярданія – апошні буфер паміж Іранам і намі. Іран вельмі моцна пракраўся ў Ірак, у краіны, дзе паваліліся рэжымы ў выніку “арабскай вясны” альбо амерыканскага ўварвання ў Ірак. І Іран падбіраецца да іярданскіх межаў. Іярдан гэта моцна трывожыць», – працягвае суразмоўца.

Разбор
Чаму Іран атакаваў Ізраіль – і да чаго тут Газа, «Хамас», «Хізбула» і хусіты
2024.04.14 14:18

Арабскія эліты хочуць грошай, а не вайны

Таксама збіваць ракеты і дроны Ізраілю дапамаглі Саудаўская Аравія і некаторыя іншыя арабскія краіны, якія аддаюць перавагу таму, каб гэта не афішаваць, адзначае Аўслендэр:

«Нават егіпцяне паднялі ў паветра сваю авіяцыю. Далі зразумець Ірану, што любое ўварванне ў іх паветраную прастору будзе разглядацца як недружалюбны акт. Так што каардынацыя з саюзнікамі дазволіла збіць большую частку ракет і дронаў да падыходу да нашай паветранай прасторы, што палегчыла задачу СПА».

Гэта ў тым ліку вынік мірнай дамовы з Егіптам 1979 года і «Пагадненняў Абрагама» аб нармалізацыі адносін, якія былі падпісаныя ў 2020-2021 гадах з ААЭ, Брэйхенам, Суданам і Марока.

«У нас усіх, па вялікім рахунку, агульны вораг. Гэта Іран – галоўная праблема Блізкага Усходу. Як усякая ваенная імперыя, Іран пастаянна імкнецца да фізічнага пашырэння, фармуючы шыіцкую дугу ад Емену да Лівана, ад «Хезбалы» да тых жа хусітаў і гэтак далей. Усё гэта выдатна ўсведамляюць у арабскіх краінах. Для некаторых гэта ўяўляе нават вялікую небяспеку, чым для Ізраілю. Таму што Іран з імі мяжуе альбо фізічна, альбо праз Персідскі заліў – праз раку, умоўна кажучы.

Зараз ідзе гаворка аб фармаванні саюзу паміж Ізраілем і арабскімі краінамі ў супрацьстаянні Ірану. Гэта такая блізкаўсходняя NATO. Гэта не абавязкова будзе аформлена фармальна. Усё робіцца на аснове складаных і вельмі часта таемных дамоўленасцяў паміж саўдзітамі і Ізраілем, паміж Эміратамі і Ізраілем і гэтак далей», – распавядае Сяргей Аўслендэр.

Аб’ектыў
Амбасада ў Ізраілі не папярэдзіла беларусаў пра напад Ірану
2024.04.15 20:36

Паміж Марока і Ізраілем увогуле падпісаны мемарандум аб абароннай супрацы з 2021 года. Хоць наўпрост Іран для Марока меншая праблема.

«Для Марока праблема – гэта Алжыр. А Алжыр – гэта проксі-Іран на гэты момант, рэжым дружалюбны Ірану», – кажа суразмоўца.

Ізраіль і Саудаўская Аравія таксама планавалі падпісаць «Пагадненні Абрагама», аднак гэтага пакуль не адбылося.

«Саудаўская Аравія гэтую справу адклала з-за падзей у Газе 7 кастрычніка, але яны даюць зразумець, што яны па-ранейшаму зацікаўлены, толькі павінна скончыцца гісторыя з сектарам Газа. У цэлым адносіны з той жа Саудаўскай Аравіяй даўно ўжо цалкам нармальныя.

Наогул адбылася наступная рэч у краінах заліва. Яны ўсе манархічныя і там змянілася эліта. Папярэдняе пакаленне ўперлася ў палестынскае пытанне і ўсё ўвязвалася з ім. Прыйшла іншая эліта, празаходняя, якая вучыліся ў заходніх універсітэтах, якая разумее перавагі заходняга жыцця і перавагі нармальных адносін з Ізраілем. Іх па вялікім рахунку цікавяць грошы і развіццё, а не бясконцая вайна і валтузня з палестынскім пытаннем. Уласна, пакуль усё так выглядае. Ізраіль мае “Пагадненні Абрагама” з шэрагам краін, пастаўляе туды, у тым ліку ўзбраення», – падводзіць рысу Сяргей Аўслендэр.

Аналітыка
Блізкі Усход на «нязведанай тэрыторыі». Якім будзе адказ Ізраілю на напад Ірану?
2024.04.15 19:23

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў