Уда Дыркшнайдэр: «Мы не можам граць у Расеі. Ва Украіне таксама...»


Гэві-мэтал-гурт «U.D.O.» даў канцэрт у Варшаве на Дзень Волі ў межах свайго туру «Touchdown World Tour 2023/24». Дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі ўзяў інтэрв’ю ў лідара гурта, нямецкага рок-музыкі Уда Дыркшнайдэра, пра альбомы і голас, стаўленне да палітыкі і канцэрты ў Расеі.

Нямецкі рок-музыка Уда Дыркшнайдэр. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Мае любімыя альбомы з вашай дыскаграфіі: «Mean Machine, Faceless World», «Timebomb» і, павінен прызнаць, апошні – «Touchdown». Як у вас да гэтага часу, пасля столькіх гадоў на мэтал-сцэне, атрымліваецца запісваць такія файныя альбомы? Ды і ваш голас…

– Нам, напэўна, шанцуе. Ведаеце, мы ніколі не мелі такіх праблемаў, што пачынаем працу над новым альбомам, а няма ніякіх ідэяў. Гэта выдатна, што ідэі якраз заўсёды ёсць. Мы намагаемся кожны раз рабіць нешта іншае, не паўтарацца. Мне здаецца, што кожны альбом «U.D.O.» крыху іншы. І гэта выдатна.

– Нядаўна да групы далучыўся басіст Пэтэр Бальтэс, ваш калега па старым «Accept»…

– О, Пэтэр Бальтэс – так!

– Дык вось: можа ёсць планы, каб Пэтэр праспяваў што-небудзь у новым альбоме, бо ён таксама выдатны вакаліст, не толькі басіст?

– Так, але ў альбоме «Touchdown» ён толькі граў на бас-гітары, нічога не складаў. Аднак мы ўжо чакаем працы над новай плыткаю, і Пэтэр абавязкова будзе прыцягнуты да напісання песень. Гэта цудоўна, што мы зноў разам: я шчаслівы і ён таксама, так што ўсё ў парадку.

Дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі бярэ інтэрв’ю ў нямецкага рок-музыкі Уда Дыркшнайдэра. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Мне здаецца, што тэма волі даволі важная для вас. У апошнім альбоме ў назвах некалькіх песень сустракаецца слова «свабода», а «Forever Free», дарэчы, мая любімая. Наш тэлеканал «Белсат» вяшчае найперш для беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў. А беларусы якраз адзначаюць Дзень Волі – гэта вельмі важнае свята для ўсіх змагароў за свабоду і незалежнасць. Шмат хто з іх кінуты за краты рэжымам Лукашэнкі. Можа, вы сказалі б некалькі словаў для іх, усіх змагароў за свабоду?

– Так, але я не хацеў бы выказвацца на тэмы, звязаныя з палітыкай. Калі хтосьці знаходзіць у нашых тэкстах нешта сваё, гэта выдатна. Так, мы заўсёды пісалі тэксты пра тое, што адбываецца ў свеце. Цяпер ідуць змаганні. Гэта ў нашай прыродзе – пісаць пра тое, што адбываецца. Але я не буду гаварыць пра палітыку.

– Шмат гадоў таму, прызнаюся вам, мы ў школьным гурце спрабавалі граць песню «They Want War» («Яны хочуць вайны») з вашага першага альбому «Animal House». Цяпер, на жаль, гэтая песня мае ўжо іншае значэнне, напрыклад, для ўкраінцаў. Калі пачалася поўнамаштабная вайна, вы былі адным з першых мэтал-вакалістаў, якія рашуча асудзілі гэтую агрэсію. Што вы скажаце цяпер?

– Так, калі мы пісалі тую песню, у свеце былі іншыя падзеі. Здаецца, тады нешта адбывалася ў Афрыцы, дзе дзеці станавіліся салдатамі. Таму мы напісалі такую песню.

– Але цяпер яна мае зусім іншае значэнне – для ўкраінцаў, напрыклад…

– Так! Але ведаеце, у свеце ўвесь час што-небудзь адбываецца. Паўсюль. І гэта ніколі не сканчаецца. Паглядзіце, што робіцца цяпер, напрыклад, у Ізраілі. Хто ведае, можа, наступны раз я напішу што-небудзь і пра гэта.

Дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі бярэ інтэрв’ю ў нямецкага рок-музыкі Уда Дыркшнайдэра. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Вы надзвычай папулярны ў Расеі. У вас нават ёсць некалькі песень па-расейску: «Плачет солдат», «Поезд по России», ну і «Штиль» з гуртом «Арыя». У інтэрв’ю два гады таму вы сказалі, што не будзеце гастраляваць па Расеі, прынамсі да 2024 года. Дык вось, цяпер ужо 2024-ы. Ці ёсць нейкія планы? 

– Не, граць у Расеі для нас немагчыма, вось і ўсё. Мы не можам граць там канцэрты. Ва Украіне таксама… Гэта быў велізарны рынак для нас, але ў цяперашняй сітуацыі гэта немагчыма. Калі б хто-небудзь паехаў на гастролі па Расеі, то не змог бы потым гастраляваць па Еўропе.

– А што б вы сказалі сваім расейскім аматарам?

– Мне іх шкада, але хто ведае, можа, калі-небудзь… Праўда, не ведаю калі, мы вернемся – як толькі гэта будзе магчыма.

– Пасля вайны?

– Так, але ніхто не ведае, калі яна скончыцца.

– Два гады таму вы запісалі альбом з кавэр-версіямі класічных песень такіх гуртоў, як «Queen», «Scorpions», «Rainbow», «Led Zeppelin» і нават «My Way» Фрэнка Сінатры! Вы праспявалі іх па-свойму… 

– Так, па-свойму!

– І гучыць гэта сапраўды файна. Чаму вы надумалі зрабіць нешта такое? 

– Я не планаваў. Гэта быў час пандэміі, было дужа часу. Мы прыйшлі ў студыю, працавалі над матэрыялам, і я праспяваў адну вельмі старую песню. Музыкі кажуць: гэта можа быць цікава. Тады склалі спіс песень, якія мне падабаюцца, пачалі перамовы з фірмай гуказапісу, раптам ім цікава. Тыя адказалі: чаму не? Добра, давайце запішам альбом. Наогул жа я не граю кавэраў, але ў гэтым альбоме мне было важна, каб зрабіць усё менавіта па-свойму, «my way». Зрабіў, усім спадабалася, ну і выдатна.

Дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі і нямецкі рок-музыка Уда Дыркшнайдэр пасля запісу інтэрв’ю. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Скажыце, у чым сакрэт вашага голасу? Вы казалі нядаўна, што цяпер ён нават лепшы, чым дваццаць гадоў таму. Як гэта магчыма?

– Не скажу, што лепшы. Хутчэй, дыяпазон шырэйшы. Цяпер я магу спяваць значна ніжэй, а дваццаць гадоў таму не мог. Але і высокія ноты таксама бяру. Так што шырэйшы дыяпазон. Я проста шчасліўчык.

– Вы ж кінулі паліць?

– Так, я паліў, але кінуў дваццаць гадоў таму. У шмат каго з маіх калегаў-спевакоў, якіх я ведаю, ёсць праблемы. Але я… Мне пашанцавала, што яшчэ сказаць.

– Мой любімы альбом гурта «U.D.O.» – «Faceless World». Ён крыху мяккі, але вельмі-вельмі класны. Чаму вы так рэдка граеце песні з гэтага альбому на канцэртах?

– Час ад часу мы граем «Heart of Gold», але сапраўды, шмат песень з альбому «Faceless World» не выконваем. Бачыце, там шмат партыяў клавішных, а ў складзе клавішніка цяпер няма. У нашыя дні гэтыя партыі можна проста падкласці, але… Можа, калі-небудзь. Ведаеце, наогул складаць сэт-ліст на канцэрты ўсё цяжэй. У нас жа толькі студыйных дзевятнаццаць альбомаў! Ідзі выберы. І тую хочацца зайграць, і гэтую. Мы мяняем спіс кампазіцыяў у турнэ трохі, але гэта не так лёгка.

belsat.eu / Авер

Стужка навінаў