Закон аб замежных агентах у Грузіі могуць зацвердзіць ужо на наступным тыдні


Дэпутаты парламенту Грузіі разгледзяць законапраект аб замежных агентах у трэцім і канчатковым чытанні на наступным тыдні. Дакумент можа быць зацверджаны ўжо ў наступную пятніцу, паведамляюць «Новости Грузии».

Пратэсты ў Грузіі.
Фота: newsgeorgia.ge

Як было абвешчана, што парламент Грузіі вернецца да разгляду законапраекту аб замежных («Аб празрыстасці замежнага ўплыву») 13 траўня. Яго прыняцце плануецца 17 траўня.

Пагроза еўрапейскай будучыні Грузіі

Як заявілі ў супольнай заяве краіны Паўночнай Еўропы і Балтыі (Данія, Эстонія, Фінляндыя, Ісландыя, Латвія, Літва, Нарвегія і Швецыя), прыняццем гэтага закону грузінскія ўлады абралі трывожную траекторыю, якая разбурае еўрапейскую будучыню Грузіі.

Краіны заявілі, што, надаўшы Грузіі статус кандыдата ў Еўразвяз у снежні 2023 года, ЕЗ паказаў, што падтрымлівае імкненне грузінскага народу. Але, заявілі яны, законапраект аб замежных агентах несумяшчальны з еўрапейскімі нормамі і каштоўнасцямі.

«У выпадку прыняцця закон можа быць выкарыстаны, каб прымусіць замаўчаць СМІ і арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія адыгрываюць важную ролю ў дапамозе Грузіі на шляху да сяброўства ў ЕЗ. Сцвярджэнні грузінскіх уладаў аб тым, што прапанова нагадвае законапраект ЕЗ, неабгрунтаваныя і ўводзяць у зман. Мы заклікаем палітычных лідараў Грузіі перагледзець законапраект», – сказана ў заяве.

Тым часам на 11 траўня ў Тбілісі запланаваны маштабны Еўрапейскі марш. Мяркуецца, што гэтая акцыя стане адной з найбуйнейшых пасля пачатку пратэстаў супраць закону. Да гэтага па гарадах Грузіі праходзіць «Тыдзень дзеянняў супраць закону аб замежных агентах».

Праваабаронцы кажуць пра шматлікія парушэнні

У заяве сеткі бясплатнай юрыдычнай дапамогі пратэстоўцам, якую стварылі восем грузінскіх НДА, адзначаецца, што за больш як тры тыдні пратэстаў супраць закону аб замежных агентах – з 15 красавіка да 9 траўня – праваабарончыя арганізацыі атрымалі скаргі паводле 134 фактаў затрыманняў дэманстрантаў. Большасць з іх датычыла гвалту з боку паліцыі.

«Некалькім затрыманым спатрэбілася медычная дапамога ў стацыянары з-за цяжкасці атрыманых траўмащ. Спецыяльная следчая служба заявіла, што ідзе расследаванне факту магчымага злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі працаўнікамі паліцыі – але аб выніках нічога не вядома», – гаворыцца ў заяве праваабарончых арганізацыяў.

Там таксама адзначаецца, што «суддзі прымалі рашэнні аб прызнанні ўдзельнікаў мірнага пратэсту правапарушальнікамі без якіх-небудзь аб’ектыўных доказаў», хоць часам тлумачэнні паліцыянтаў, выкліканых у якасці сведак, не адпавядалі зместу відэазапісаў, прадстаўленых імі ж у судзе.

Паводле праваабаронцаў, затрыманых на акцыях, як і раней, развозяць па розных СІЗА, у тым ліку па-за межамі Тбілісі, і адвакатам даводзіцца начамі шукаць затрыманых. Затрыманым не даюць паведаміць аб сваім месцазнаходжанні сямʼі ці адвакату адразу пасля арышту. Таксама вядомыя факты неабгрунтаванага падаўжэння тэрміну ўтрымання пад вартай.

Нагадаем, спрэчны закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» у Грузіі ёсць аналагам расейскага закону аб «замежных агентах». Грузінская апазіцыя рэзка крытыкуе дакумент. Яна абвінавачвае кіроўную партыю ў працы на Расею і сцвярджае, што законапраект падрыхтаваны ў Маскве.

Hавiны
У Тбілісі паліцыя выкарыстала супраць пратэстоўцаў вадамёты, гумовыя кулі і слезацечны газ
2024.04.30 23:23

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў