Беларускія добраахвотнікі змогуць атрымаць грамадзянства Украіны? Праект закону прайшоў першае чытанне


Вярхоўная Рада ў першым чытанні прыняла законапраект №9585 аб прававым статусе замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія ўдзельнічаюць у абароне тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці Украіны. Згодна з ім, замежныя добраахвотнікі змогуць атрымаць грамадзянства краіны.

Украінскі і беларускі пашпарт. Кіеў, Украіна. 27 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Адной з ключавых ініцыятыў законапраекта з’яўляецца прадастаўленне дазволаў на іміграцыю або набыццё грамадзянства Украіны для асоб, чые пашпарты страцілі сілу, а таксама для замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія прымалі ўдзел у абароне Украіны.

Законапраект таксама дае права членам сямʼі асоб, якія заключылі кантракт у ЗСУ, атрымаць від на часовае пражыванне», – паведамляе партыя «Слуга народу».

Згодна з законапраектам, асаблівыя патрабаванні будуць да грамадзян Беларусі і Расеі, якія атрымаюць грамадзянства Украіны.

«Ім трэба будзе на працягу года пасля спынення ваеннага становішча пацвердзіць спыненне папярэдняга грамадзянства», – адзначае «Слуга народу».

Усім служачым ЗСУ, якія атрымаюць грамадзянства Украіны падчас ваеннага становішча, трэба будзе здаць экзамены па Канстытуцыі, гісторыі Украіны і пацвердзіць веданне ўкраінскай мовы. Гэта яны павінны зрабіць на працягу двух гадоў пасля завяршэння ваеннага становішча.

На працягу года пасля спынення ваеннага становішча спыняецца прыём заяў на набыццё грамадзянства Украіны ад грамадзян Расеі.

Кіраўнік міжфракцыйнага абʼяднання «За дэмакратычную Беларусь» дэпутат Аляксей Ганчарэнка паведаміў, што за папраўкі прагаласавалі 263 парламентарыі Вярхоўнай Рады з 401.

Цяпер праект закона павінен прайсці далейшыя чытанні. Згодна з украінскім заканадаўствам, прадугледжана тры чытання законапраектаў. Аднак дапушчальна і бывае, што законапраект прымаюць пасля двух чытанняў. Далей яго павінен падпісаць прэзідэнт Украіны.

Hавiны
Частка ўкраінцаў, якія прыбываюць у Беларусь, едуць наўпрост з Украіны – Дзяржаўны памежны камітэт
2024.04.05 11:55

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў