З’явіліся спісы кандыдатаў у Каардынацыйную раду


Спісы кандыдатаў у трэці склад Каардынацыйнае рады апублікаваныя. Спісаў – 12, агулам 265 кандыдатаў.

Імаверна, дадасца яшчэ прынамсі адная асоба. Аліна Коўшык, якая адказвае за пытанні нацыянальнага адраджэння ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, абскарджвае адмову ў рэгістрацыі. Прычына – неадпаведнасць пададзеных звестак пашпартным дадзеным. Пра гэта Аліна паведаміла ў адмысловым роліку напярэдадні:

«Вы ведаеце мяне як публічную асобу, якая выступае пад імем і прозвішчам Аліны Коўшык. Так, сапраўды, гэта маё сапраўднае імя, з якім я нарадзілася і жыву на гэтым свеце ўжо больш за 40 гадоў. Але ў беларускім пашпарце маю падвойнае прозвішча, якога я ніколі не выкарыстоўвала публічна».

Спадарыня Аліна ўважае гэтую прычыну фармальнай і нават фармалісцкай. Старшыня выбарчай камісіі Алена Прыходзька з гэткаю характарыстыкаю згодная.

«Мы кіруемся фармальным і фармалісцкім падыходам, бо іншага падыходу як інструменту ў нас няма. Калі мы адштурхоўваемся ад таго, што мы хочам быць незалежнымі, незаангажаванымі».

На сайце zvarot.online з’явілася петыцыя з патрабаваннем дазволіць Аліне Коўшык балатавацца ў Каардынацыйную раду. Паводле Алены Прыходзькі, гэтая захада ніякім чынам не паўплывае на пастанову выбарчай камісіі. Канчатковую пастанову ў справе Коўшык будуць прымаць па атрыманні дадатковых дадзеных.

«Калі яна выканае тое, што мы просім, калі гэта будзе нармальная камунікацыя – вядома, камісія будзе пераглядаць гэтую пастанову. Калі ўсе нормы, патрабаванні будуць выкананыя – вядома, мы гэта перагледзім! Гэта не ёсць нейкім дэмаршам. Гэта не палітычная пастанова, як цяпер на нас спрабуюць навесіць – што мы там заангажаваныя кімсьці».

Алена Прыходзька адзначыла, што кейс Аліны Коўшык – далёка не адзіны. Усе праблемы такога кшталту камісія разглядае ў працоўным парадку.

З падтрыманнем спадарыні Коўшык выступілі некалькі камандаў, сярод якіх – кааліцыя «Каманда Латушкі і рух «За Свабоду». Лідар гэтага спісу Павел Латушка і ягоны намеснік у кадравых пытаннях, кіраўнік руху Юрась Губарэвіч сёння зладзілі прэс-канферэнцыю, падчас якой распавялі пра сваю перадвыбарчую праграму. Адна з першых задачаў – стварыць альтэрнатыву кіраванню Лукашэнкі, падкрэсліў Павел Латушка.

«Таму што ён баіцца альтэрнатывы. Да таго часу, пакуль у нас будзе альтэрнатыва, калі мы будзем яму яе паказваць, – значыцца, мы моцныя. Значыцца, ён будзе лічыцца з намі. І мы павінны ўзмацніць Каардынацыйную раду, каб стварыць альтэрнатыву і дасягнуць нашай мэты: незалежнай, свабоднай Беларусі».

Напярэдадні онлайн-канферэнцыю зарганізавала каманда «Еўрапейскага выбару». Гаворка ішла пра тое, што еўрапейскі выбар для Беларусі ёсць найлепшым, асабліва ва ўмовах агрэсіўнай вонкавай палітыкі Крамля.

Лідар каманды Аляксандр Дабравольскі заклікаў усіх удзельнікаў выбараў кансалідавацца дзеля агульнае мэты.

«На гэтых выбарах будзе выбар сапраўдны, можна будзе абраць сапраўдных прадстаўнікоў, якія будуць адчуваць адказнасць перад выбарнікамі. Будзе канкурэнцыя. І толькі трэба памятаць, што мы – канкурэнты ва ўмоўным сэнсе. Бо мы ўсе – з аднаго боку і ўсе мы хочам дэмакратычных зменаў».

Галасаванне ў фармаце онлайн працягнецца з 25 да 28 траўня. Галасаваць дазволена і ў Беларусі, і за яе межамі. Каманда, адказная за рыхтаванне і правядзенне выбараў, абяцае зрабіць усё магчымае, каб працэс быў максімальна бяспечным.

Вынікі выбараў абвесцяць 8 чэрвеня. А першае паседжанне Каардынацыйнай рады трэцяга склікання плануюць правесці 15 чэрвеня.

Марына Яновіч, «Белсат»