Пасяўную кампанію падрыхтавалі толькі на 50 %


У Беларусі штогадовая нечаканасць: трэба праводзіць пасяўную кампанію. А палова сельгасарганізацыяў не падрыхтавала тэхнікі для сяўбы. Да таго ж па ўсёй краіне нарыхтавалі толькі палову ад неабходных мінеральных угнаенняў. Замест якаснага менеджменту ўлады займаюцца мабілізацыяй механізатараў з іншых галінаў эканомікі і пагрозамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пасяўная – перадусім! Лукашэнка паабяцаў адправіць за краты Юрыя Караева, колішняга міністра ўнутраных справаў, а цяпер інспектара па Гарадзенскай вобласці, калі той не будзе жорстка кантраляваць аграрыяў. Такім чынам, штогадовы фронт барацьбы за пасяўную і ўраджай – адкрыты.

Напярэдадні намеснік прэм’ер-міністра Леанід Заяц паставіў мэту сабраць з палёў не менш за 10 млн т ураджаю. То бок не толькі збожжа.

«Апошнімі гадамі ў Беларусі любяць сплюсаваць збожжа і зернебабовыя, кукурузу і якраз рапс, якога летась атрымалі больш за мільён тонаў. І гэта, напэўна, дзеля таго, каб атрымаць гэтую прыгожую лічбу, 10 мільёнаў», – зазначае эксперт у сельскагаспадарчай галіне, журналіст «Reform.by» Аляксей Жукаў.

Але не дадае аптымізму адносна будучага ўраджаю статыстыка. Паводле Міністэрства сельскай гаспадаркі, апошнія тры гады намалоты ў краіне толькі змяншаюцца. Калі ў 2021 годзе сабралі 9 млн т збожжавых і зернебабовых, то ў 2022-м – 8,693. А летась аграрыі змаглі дасягнуць лічбы ў 7,665.

Прычына можа крыцца ў недахопе тэхнікі і ўгнаенняў. На мінулым тыдні Камітэт дзяржкантролю распавёў аб выніках правярання 205 гаспадарак ува ўсіх раёнах краіны. Сельгасарганізацыі нарыхтавалі 56,7 % ад неабходнага абʼёму мінеральных угнаенняў. У 43 % з іх нізкая гатовасць сельгастэхнікі. Дзяржкантроль называе адною з прычынаў такога стану недахоп механізатараў. На гэта ж тыдзень таму наракаў віцэ-прэмʼер Леанід Заяц, які загадаў мабілізаваць 2700 адмыслоўцаў з лясгасаў і прамысловасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Трактар арэ поле. Менская вобласць, Беларусь. 18 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

«У першую чаргу перашкаджае ўзровень менеджменту. Бо тыя людзі, якія кіруюць калгасамі, не могуць увогуле кіраваць якімісь прадпрыемствамі. Мы разумеем, якія ўмовы працы, мы разумеем, якія там цяпер заробкі, разумеем, якая там цяпер якасць кіраўнічага персаналу», – зазначае прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Як вынік – нізкія ўраджаі. Гэта асабліва бачна, калі параўнаць з суседняй Літвой – краінай, утрая меншай за Беларусь. Але з ворных земляў, што займаюць 2,292 млн га, летась там удалося сабраць 6,875 млн т ураджаю.

У Беларусі ж, дзе плошча ворных зямель 5,572 млн га, ураджай перавысіў літоўскі ўсяго на 790 тысяч і склаў 7,665 млн т.

Каб павялічыць эфектыўнасць сельскай гаспадаркі ў Беларусі, ёсць толькі адно выйсце, лічыць Аляксандр Кныровіч:

«Гэтая галіна мусіць быць прыватнай. Гэтак жа, як гэта адбываецца ў шмат якіх іншых краінах. І ў нас не будзе ніводнай іншай праблемы. Мы не будзем абмяркоўваць ні пачатак сяўбы, ні дажынкі, ні лёс гэтых людзей, якія не падрыхтавалі той ці іншай тэхнікі. Якія дапусцілі паморак жывёлы і дапусцілі нейкія растраты».

На пачатак года ў Беларусі налічвалася 3364 фермераў. У той час як у Літве – каля 87000.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»