Наталля Качанава рассыпалася ў кампліментах сталічнаму «Камволю»


«Вы ведаеце, мне заўсёды прыемна сюды прыязджаць, бо сапраўды добры калектыў, добрыя традыцыі», – гэтак старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава рассыпалася ў кампліментах перад калектывам сталічнага «Камволю», прадракаючы прадпрыемству цудоўную будучыню. Але якую – пытанне, бо са сталых традыцыяў у вытворчасці – толькі моцная датацыйная залежнасць ад дзяржавы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэтак, улады падаравалі заводу істотнае адтэрмінаванне: вяртанне крэдытных пазык на амаль 51 млн. еўраў трэба было зрабіць у 2023 годзе – цяпер жа яго чакаюць не раней за 2027-ы. Перанеслі і вяртанне пазык у бюджэт – ажно на 2029-ы.

«Тут людзі працуюць шмат гадоў. Я прыязджаю ўжо не першы раз. Мы ўжо сталі такімі добрымі знаёмымі – з жанчынамі якія працуюць тут больш за 20 гадоў», – адзначае чыноўніца.

Але такое асабістае знаёмства з Качанавай не моцна адбіваецца на заробках працаўнікоў. Бадай, сама меней атрымлівае спецыяліст у апрацоўванні тканіны – дэкаціроўнік – 540 рублёў. На 20 рублёў болей – кравец мужчынскіх гарнітураў і на 260 – сшывальнік.

Самым высокім заробкам можа пахваліцца інжынер-тэхнолаг. Яму прапаноўваюць 1000 рублёў на месяц. Хоць, падобна, людзей на прадпрыемстве трымае зусім іншае.

«Асартымент тканін уражвае – ён дастаткова шырокі. І тыя тканіны, якія ёсць сёння, сапраўды запатрабаваныя ўнутры краіны. Што мы бачым, што спажыванне тканін “Камволь” павялічваецца ўнутры краіны», – кажа супрацоўніца прадпрыемства.

ААТ «Камволь».
Фота: wikipedia.org/Homoatrox

Зрэшты, нямногія прафесіяналы падзяляюць думку Качанавай.

«Я памятаю ў мяне там былі штаны – а гэта тое, што часцей за ўсё апранаецца на голае цела. І мне не падабалася, што тканіна колецца», – кажа дызайнерка брэнду «Kucherenko» Вольга Кучарэнка.

Затое папулярнасцю сыравіна «Камволю» карыстаецца сярод установаў Дэпартаменту выканання пакаранняў. Гэтак, у папраўчай калоніі нумар два нам пацвердзілі, што акурат з камволеўскай тканіны шыюць частку вырабаў. І не толькі там. Мы патэлефанавалі ў швачны цэх папраўчай калоніі № 2:

– Глядзіце, форму ў нас шыюць… Можаце звярнуцца ў Гомель на Антошкіна. Ёсць папраўчая калонія такая. Яны нават нам вайсковую форму шыюць. Таму…

– Што я яшчэ хацела: як разумею, «Камволь» таксама мае тканіны, якія нам патрэбныя. Вы з імі працуеце?

– Так-так.

Гомельская калонія – бадай, адная з самых вядомых жаночых калоніяў. Там адбываюць свае прысуды Марыя Калеснікава і журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева.

Былая палітзняволеная Вольга Класкоўская распавяла нам пра ўмовы працы на так званай швейцы:

«Летам настолькі было спякотна, што ты ўвесь час сядзіш і проста абліваешся потам. Вентыляцыя амаль што не працуе і вакол цябе вельмі шмат прасаў. Дыхаць няма чым. Самыя каштоўныя ўспаміны пра гэта засталіся, як і агулам пра калонію».

Гэта на свае вочы магла бачыць Качанава, калі наведвала з візітам зняволеных папраўчай установы. Але, відаць, не моцна кранаюць чыноўніцу такія ўмовы. Перад тымі ж працаўнікамі камбінату «Камволь» яна сцвярджала, што з задавальненнем носіць рэчы іхнага вырабу.

«Я разумею, што нешта ў іх ёсць, але каб пераважны працэнт у гардэробе – зразумелая справа, што не. Таму што гэта і якасць тканіны, і якасць дызайну, і тэхналогіі пашыву – якая апрацоўка вузлоў у вырабе. Гэта відаць», – кажа Кучарэнка.

Таму пакуль самі чыноўнікі не захочуць апранацца ў вырабы беларускіх прадпрыемстваў, колькі б грошай у іх не ўкладалі – на рынку яны не змогуць канкураваць.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»