Зменшыць уплыў Расеі на нас. Рэпартаж са здымкаў «Тэрыторыі праўды», новай праграмы «Белсату»


Днямі ў Вільні закончыліся здымкі чатырохсерыйнага цыклу міжнародных тэледэбатаў з удзелам двух дзясяткаў экспертаў з Беларусі, Грузіі, Літвы, Польшчы, Расеі ды Украіны.

Новы праект «Белсату» – унікальны для постсавецкай прасторы. Ток-шоу прымеркаванае да прэзідэнцкіх выбараў у Расеі ды будзе паказанае на нашым канале ў перыяд з 21 лютага да 14 сакавіка.

«Расея як велізарная дзяржава, імперыя, мае каласальны ўплыў на сваіх суседзяў. Мы будзем суседзямі з Расеяй заўжды, гэтага не змяніць, але трэба зразумець, як з гэтым жыць, як зменшыць негатыўны ўплыў на сябе з яе боку», – кажа віцэ-дырэктар «Белсату» і аўтар ідэі Аляксей Дзікавіцкі.

Сярод удзельнікаў праграмы – палітычны эксперт і экс-старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Украіны Аляксандр Харэбін, пісьменнік Віктар Ерафееў і эканаміст Аляксандр Мілоў з Расеі, прэзідэнт Новай эканамічнай школы Грузіі Паата Шэшэлідзэ і шмат хто яшчэ. На цяперашні момант гэта самы маштабны і амбітны публіцыстычны праект каналу.

Святлана Калінкіна падчас запісу праграмы

Два дзясяткі экспертаў дыскутавалі пра тое, як далёка зойдзе Крэмль у насаджэнні «русского мира» і ва ўплыве на ўнутраную палітыку суседзяў. Калі чакаць чарговай гібрыднай вайны і хто стане наступнаю мішэнню? Што такое палітыка эканамічнага шантажу і якая тактыка выжывання: ці магчыма вырвацца з «мядзведжых абдымкаў»?

Кісялёў і Калінкіна

Вядзе «Тэрыторыю праўды» дуэт славутых журналістаў. Адзін з іх – расейскі тэлевядоўца Яўгеній Кісялёў, сустваральнік НТВ, які ўзначальваў канал да таго, як кантроль над ім сілавым спосабам перахапілі расейскія ўлады.

З 2008 года Кісялёў жыве і паспяхова працуе на тэлебачанні ва Украіне, дзе ў 2017 годзе з прадзюсарам Аляксеем Сямёнавым і тэлевядоўцам Мацвеем Ганапольскім стварыў новы медыярэсурс – інфармацыйны тэлеканал «Прямий», дзе заняў месца вядоўцы.

На радзіме Кісялёву пагражае шматгадовае зняволенне. ФСБ распачала супраць журналіста крымінальную справу, абвінаваціўшы ў закліках да тэрарызму (Кісялёў выказваўся ў падтрымку Надзеі Саўчанкі, калі ўкраінка была ў палоне)

«Мы маем 6 гадоў Пуціна – і яшчэ 6 гадоў Пуціна наперадзе. І сапраўды, гэтыя 6 гадоў нешта рыхтуюць суседнім краінам. І наўрад ці нешта добрае. Ёсць пра што паразмаўляць. Я ніколі не бяруся за праекты, за тэмы, якія мне абыякавыя. Я ніколі не бяру інтэрв’ю ў людзей, якія мне не цікавыя. Калі мне гэта цікава – я ў гэтым удзельнічаю. І тут – менавіта такі прыклад», – дзеліцца ўражаннямі Яўгеній Кісялёў аб праекце.

Сувядоўцаю Кісялёва стала беларуская публіцыстка, аўтарка праграмы «Размова» на тэлеканале «Белсат» Святлана Калінкіна.

«У кожнай праграме будзе нешта новае, нечаканае. Напрыклад, мы ў Беларусі глядзім на праблему «русского мира» з аднаго боку, а аказваецца, Польшча нас, беларусаў і ўкраінцаў таксама разглядае як прадстаўнікоў гэтага самага «русского мира». І для мяне было зусім нечакана, што ваенныя эксперты кажуць пра магчымасць вайны як пра вельмі і вельмі рэальную. І яны даводзяць гэта проста лічбамі: колькасцю «Іскандэраў», тэхнікі, размяшчэннем», – зазначае Святлана.

«Цяперашнія сучасныя войны ў сваёй большасці інфармацыйныя. Часам нават не патрэбныя танкі, а дастаткова мець тэлебачанне ды інтэрнэт. Таму той, хто цікавіцца міжнароднаю палітыкаю, сітуацыяй у сваёй краіне і ў Расеі, з цікавасцю паглядзіць праграму. І гэта датычыць не толькі Беларусі», – кажа віцэ-дырэктар «Белсату» і аўтар праекту Аляксей Дзікавіцкі.

Для каго

Праграма будзе выходзіць на расейскай мове і разлічаная не толькі на беларускага гледача, але і на аўдыторыю краінаў «Усходняга партнёрства» і Балтыі – суседзяў Беларусі ды Расеі. А таксама і на жыхароў Расеі.

«Перадусім праграма разлічаная на гледача «Белсату», але мы спадзяемся зацікавіць расейскамоўную аўдыторыю Украіны, Літвы, Латвіі ці самой Расеі: гледачоў, якія зацікаўленыя міжнароднымі падзеямі», – кажа дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Мэтавая аўдыторыя праекту – людзі, якія гавораць па-расейску, але жывуць не ў Расеі. І не разумеюць, чаму Крэмль улічвае іх у сваіх геапалітычных планах, ды зусім не хочуць, каб расейскія войскі прыйшлі іх «ратаваць», як той самы Данбас.

«Мне здаецца важным, што мы перасталі канцэнтравацца выключна на беларускіх праблемах, бо шмат у чым іх развязанне залежыць не столькі ад нас, а ад таго, наколькі мы разам з суседзямі іх можам вырашаць. Сённяшняя расейская ўлада – пагроза для суседзяў у першую чаргу. Але яшчэ большая пагроза – для саміх расейцаў. Расея – сама сабе пагроза, яна стварае сабе ворагаў, насаджваючы сваё бачанне свету», – перакананая Святлана Калінкіна.

Прыйшоў час навучыцца дамаўляцца аб самых актуальных праблемах, абмяркоўваць іх, дыскутаваць, а не проста жаліцца. Перастаць апраўдвацца, што сусед – кепскі. Трэба рабіць тое, што канкрэтна патрэбна тваёй краіне, але ў супольнасці ды паразуменні з краінамі-суседзямі, каб захаваць максімальную не толькі палітычную, але і эканамічную незалежнасць.

«Дзякуючы «Тэрыторыі праўды» ў «Белсату» ёсць шанец пашырыць сваю аўдыторыю як у Беларусі, гэтак і ў суседніх дзяржавах. Расейскамоўнаю праграмаю, тэмы якой датычаць нас усіх, мы прыцягнем увагу да «Белсату» і беларускамоўнага кантэнту тэлеканалу, які ў нас дамінуе. Гэта такі гамбіт, як у шахматах: аддаеш адну фігуру, а атрымліваеш вялікую перавагу», – распавядае рэдактар праграмы Сяргей Пеляса.

Цалкам арганічна, што для камунікацыі на праграме была абраная расейская мова.

«Мне бачыцца, што выбарам расейскай – моваю праграмы мы толькі даказалі, што гэта мова камунікацыі (якой яна і павінна быць і заставацца), але не больш за тое», – кажа Святлана Калінкіна, вядоўца праграмы.

Чаму варта глядзець

Перад стваральнікамі стаяла няпростая задача: за тры дні зняць чатыры паўнавартасныя дыскусіі з міжнароднымі адмыслоўцамі, узгадніць графікі ўсіх прысутных, сінхранізаваць працу, каб зрабіць напраўду годнае шоу, стварыць аргументаваную, новую, эфектную, ды што яшчэ важней – эфектыўную, дыскусію.

Кіраваў здымкамі вядомы тэлевізійны польскі рэжысёр Даньель Шпак. На пляцоўцы ішла праца на беларускай, расейскай, літоўскай, польскай і англійскай мовах – рэалізатары праграмы запрасілі для стварэння праекту міжнародную прафесійную каманду. Візуальнае афармленне праграмы зрабіў мастак, дызайнер Міхал Анемпадыстаў, гэта была ягоная апошняя прыжыццёвая праца.

Усе стваральнікі праекту сыходзяцца на тым, што атрымалася сур’ёзная дыскусія на вельмі важныя тэмы, і прайшла яна годна, плённа, без крыкаў і абразаў, як гэта часта бывае ў традыцыях дзяржаўнага расейскага тэлебачання.

«Я веру ў тое, што кропля камень точыць. І гэтыя чатыры праграмы – тыя самыя чатыры кроплі, якія паўплываюць на грамадскую думку. Прыемна было працаваць з людзьмі, якія размаўляюць з табой на адной прафесійнай мове. І самае прыемнае – я пераканаўся ў высокім прафесіяналізме людзей, якія працуюць на «Белсаце»,– падсумаваў Яўгеній Кісялёў.

«Для мяне асабіста вельмі важна, што мы запісалі праграму менавіта ў Вільні – сталіцы самай уплывовай з балтыйскіх дзяржаваў, Літвы, якая ў гэтыя дні святкуе стагоддзе аднаўлення незалежнасці. У горадзе, які быў цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага – краіны, у якой жылі не толькі нашыя продкі, а таксама продкі ўкраінцаў, літоўцаў і палякаў», – прызнаецца Сяргей Пеляса.

«Тэрыторыю праўды» глядзіце па серадах: 21 лютага а 21:30 і наступныя серыі 28 лютага, 7 і 14 сакавіка на тэлеканале «Белсат», а таксама на нашым сайце.

Сачыць за праектам можна таксама на «Фэйсбуку».