За пакой у інтэрнаце забіраюць 2/3 пенсіі


Плаціць больш за палову заробку за пакой у будынку, які не рамантаваўся 30 год, – з такой рэчаіснасцю сутыкнуліся жыхары беларускіх інтэрнатаў.

Цяпер людзі, якія жывуць у інтэрнатах, мусяць плаціць не толькі за камунальныя паслугі, але «за карыстанне жылым памяшканнем». Змены ў заканадаўстве адбыліся пасля новага году. У дадатак штомесяц налічваюць па 100 кілават электрычнасці на чалавека. І гэта ў інтэрнатах, дзе гніюць трубы, гарыць электраправодка, не працуюць краны і пліты, а на галаву падае тынк. Людзі, заробак у якіх 200-300 рублёў, вырашылі не маўчаць і дабівацца таго, каб беларускія ўлады звярнулі на іх увагу і адмянілі ранейшыя пастановы.

Наталля Камінская з Вілейкі жыве ў інтэрнаце 30 год. Плаціць 100 руб. за інтэрнат са сваёй «інваліднай» пенсіі ў 150 рублёў яна проста не можа – не застаецца грошай на лекі і ежу. Пеня расце, і жанчына баіцца, што яе выкінуць на вуліцу.

«Дзе браць грошы? Выселяць мяне, дык куды мне ісці? На ганак? Не пайду! Дзверы цвікамі заб’ю і нікога не пушчу! Мне ісці няма куды і дапамогі няма», – плача Наталля.

У Магілёве тым часам жыхары інтэрнатаў масава збіраюць подпісы пад зваротам у Палату прадстаўнікоў і пракуратуру. Такім спосабам Аксана Барлюгова разам з калегамі дамагаецца змяншэння аплаты за інтэрнат. Вакол ініцыятывы аб’ядналіся жыхары 12 інтэрнатаў. Яны ўжо сабралі больш за 1 тыс. подпісаў ды адаслалі звароты ў абласныя і агульнабеларускія інстанцыі. А цяпер чакаюць рашэння ўладаў.

Што рабіць людзям, якія не могуць заплаціць за жыллё? Пра гэта ў студыі «Людскіх справаў» вядоўца Алесь Залеўскі размаўляе з юрыстам Тамарай Сяргей і жыхаркай інтэрнату з Маладзечна Любоўю Халяпінай.

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы»:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A», а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram. Самае цікавае чытайце ў канале Telegram.