З Еўрагульняў зробяць Еўрадажынкі?


Статус Еўрапейскіх гульняў ніжэйшы за статус Алімпійскіх, але калі Беларусь атрымала права правесці буйную спартовую імпрэзу, то варта скарыстацца гэтай магчымасцю максімальна, упэўнены спартовы журналіст Сяргей Шчурко. Ці ўдасца?

Да ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія сёлета пройдуць у Менску, – менш за месяц. Вядоўца праграмы «Размова» Віталь Цыганкоў разам са спартовым журналістам Сяргеем Шчурком разважаюць, наколькі Беларусі патрэбныя такія святы.

«Думаю, будуць такія еўрапейскія «Дажынкі». Нашае кіраўніцтва досыць граматнае і разумее, што статус Еўрапейскіх гульняў нашмат ніжэйшы, чым статус Алімпійскіх, але калі нам іх уручылі, трэба выкарыстоўваць іх напоўніцу дзеля папулярызацыі Беларусі ў вачах саміх жа беларусаў. Калі мы возьмем Алімпійскія гульні, то на апошніх мы занялі 40-е месца ў агульнакамандным заліку, а на Еўрапейскіх гульнях можам прэтэндаваць на месцы ў тройцы», – мяркуе Сяргей Шчурко.

Пры гэтым спадар Шчурко зазначае, што звычайна буйныя спартовыя святы дрэнна спрыяюць папулярызацыі спорту, а тое, як ідзе падрыхтоўка да Гульняў, дае падставы меркаваць, што ўсё адбудзецца ў найлепшых традыцыях спаборніцтваў мінулага стагоддзя. Адшукаць новых падыходаў пакуль не ўдаецца. Чаму? Глядзіце ў «Размове Цыганкова» і спартовага журналіста Сяргея Шчурка.