З’ела шніцаль у сталоўцы. І вось якія наступствы


У шоу «Я не буду гэтага есці!» вядомыя людзі дзеляцца з намі сваймі кулінарнымі траўмамі: распавядаюць, да якой стравы не могуць дакрануцца з дзяцінства і чаму.

Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ. Напрыканцы праграмы госць абірае пераможцу кулінарнай бітвы. І гэтым разам мы накіраваліся ў Кіеў скараць страўнікі ўкраінскіх зорак.

Госця новага выдання «Я не буду гэтага есці!» – вядомая ва Украіне акторка і вядоўца кулінарных тэлепраграм Даша Малахава. Яна скончыла Каралеўскі каледж музыкі і драмы ў Вялікай Брытаніі (мастацкі кіраўнік курсу Энтані Хопкінс).

А на сцэне Даша з 11 гадоў: яна грала ў Кіеўскім тэатры на Падоле, галоўным рэжысёрам якога быў ейны бацька Віталь Малахаў. Але з дзяцінства засталіся не толькі прыемныя ўспаміны. Нашая гераіня добра памятае шніцаль у адсырэлай паніроўцы, з якой сцякала масла, – такія давалі ў школьнай сталоўцы. Яна дагэтуль моршчыцца, узгадваючы гэты кулінарны «шэдэўр» савецкіх часоў.

Ці ўдасца нашым шэф-кухарам пераканаць Дашу, што ненавісная страва можа быць смачнаю? Аргументам Вольгі Прыгаравай будзе шніцаль з цяляціны ў пармезанавай паніроўцы. Да яго яна падасць соус з вяршкоў і сыру з блакітнай плесняй ды папардэле з гародніны, рукалай і памідорамі чэры.

Аляксандр Чыкілеўскі, як заўсёды, натхніцца традыцыйнай беларускай кухняй. Ягоная прапанова: шніцаль па-палеску з курынага філе ў паніроўцы з крафтавага хлебу, соусам-эмульсіяй а ля тартар і лёгкаю салатай з агародніны ў гарчычна-лімоннай запраўцы.

Чый варыянт пераможа? Вырашыць гэта Дашы дапамогуць ейныя сябры, якіх яна адмыслова прывяла ў студыю: вядомая кіеўская рэстаратарка Віёла Кім і галоўны рэдактар ​​украінскага выдання французскага часопісу «L’oficcelle Hommes» Аляксей Нілаў.

Глядзіце новую серыю тэрапеўтычнага кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці!» (відэа ў пачатку артыкула). А ў ім – рэцэпты абедзвюх страваў.

Шоу «Я не буду гэтага есці!» глядзіце штонядзелю а 19:35 паводле менскага часу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў архіве на нашай старонцы.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на Facebook, у «Одноклассниках» і ў Instagram.

ІА, belsat.eu