Ёсць пагроза, што ў гэтым годзе Чарнобыльскі шлях скончыць сваё існаванне


Напярэдадні чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС з беларускай тэрыторыі радыяцыйнага запаведніка прыходзяць дзіўныя звесткі: у зону пачалі ездзіць турысты, з’явілася мабільная сувязь, адселеныя мясціны ажываюць. Ці да лепшага такія змены?

Госць «Размовы ProContra», першы намеснік старшыні партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук зазначае, што сёння жыхары краіны не моцна пераймаюцца тэмаю экалогіі, і нават чарнобыльская трагедыя здаецца чымсьці далёкім. Нагадаць пра яе, ушанаваць памяць ахвяраў, а таксама скіраваць увагу на экалагічныя праблемы – шкодная вытворчасць у розных гарадах Беларусі, дрэнная экалагічная абстаноўка, – мог бы традыцыйны «Чарнобыльскі шлях». Але сёлета вулічная акцыя, якая ў 1990-я збірала дзясяткі тысяч удзельнікаў, не адбудзецца. Праблема ў асаблівасці беларускага заканадаўства, якое патрабуе кампенсаваць кошт працы праваахоўнікаў падчас масавых акцыяў.

«Чарнобыльскі шлях» – адзіная легалізаваная акцыя, якую ўлады дазвалялі на працягу трыццаці гадоў. Думаю, палітыкі ўсё роўна прыйдуць, нягледзячы на тое, што мы адхілілі сваю заяўку. Акцыя будзе мець палітычнае адценне. Спадзяюся, нас не абвінавацяць у тым, што нашае пакаленне зліло «Чарнобыльскі шлях». Бо ёсць такая пагроза, што ў гэтым годзе шлях скончыць сваё існаванне», – мяркуе Дзмітрый Кучук.

Таксама ў праграме «Размова ProContra» з Уладзімірам Мацкевічам, Святланай Калінкінай і першым намеснікам старшыні партыі «Зялёныя» Дзмітрыем Кучуком:

  • Што сёння адбываецца ў зоне адчужэння?
  • Якія новыя экалагічныя пагрозы стаяць перад краінай?
  • Ці ёсць спадзеў на тое, што Астравецкая АЭС гэтак і не запрацуе?