Ён корміць бяздомных, а яго запісалі ў дармаеды!


Аляксей Шчадроў, які называе сябе братам Луіджы, 6 гадоў таму стварыў у Гарадзенскай вобласці прытулак для бяздомных людзей. Начлег і ежу ён дае тым, хто стаў непатрэбны сваёй сям’і, знаёмым і дзяржаве, якая, між іншага, не ацаніла ініцыятывы Аляксея.

У прытулак раз-пораз наведваліся правяральныя інстанцыі, міліцыя ды КДБ, а нядаўна Шчадрова нават запісалі ў дармаеды. Сам Аляксей такім сябе не лічыць і прызнаецца, што на 360 рублёў, якія ён цяпер мусіць аддаць у казну, яны з бяздомнымі жывуць цэлыя два месяцы!

Іншыя тэмы праграмы «Рэпартэр»:

Здароўе гэтых дзяцей палепшылася дзякуючы «Белсату» і яго гледачам

«Рэпартэр» наведаў сваіх падапечных, пра якіх мы распавядалі ў мінулых выданнях праграмы. Шасцігадовы Артур Балкунец з дыягназам дзіцячы цэрэбральны параліч пачаў ужо рабіць першыя крокі без падтрымання бацькоў. А ў Анюты Старавойтавай пасля аперацыі абедзве ножкі роўныя, і ёсць надзея, што яна будзе хадзіць. У сваю чаргу, пяцігадовая Эліна Кульчанка паўтара года таму нават не магла сядзець. Аднак вердыкт артапеда аб тым, што дзяўчынка таксама зможа сама пайсці, даў Элінінай маме новыя сілы для барацьбы з хваробаю. Вялікая ў гэтым дапамога і вас – гледачоў, якія не сталі абыякавымі да сумнага лёсу хворых дзетак.

Апякунка 20 катоў

Жанчына, якая ўжо больш за чатыры гады прысвячае сваё жыццё ратаванню бяздомных жывёлінаў. Любоў Шатрова – гэта адная са шматлікіх валанцёраў, якія займаюцца апекай і лячэннем бяздомных жывёлінаў на добраахвотных пачатках. На гэты момант пад ейным наглядам больш за дваццаць катоў.