Кароткая біяграфія Якуба Коласа
Якуб Колас нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў вёсцы Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне ў сямʼі лесніка. Сапраўднае імя – Канстанцін Міцкевіч. У 1898 паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Па заканчэнні настаўнічаў у вёсках Люсіна Ганцавіцкага раёну (1902–1904), Пінкавічы Пінскага раёну (1904–1906). За рэвалюцыйную прапаганду ў 1906 годзе быў пераведзены з Пінкавічаў у Верхменскую народную вучэльню. За ўдзел у нелегальным настаўніцкім зʼездзе 10 ліпеня 1906 года быў звольнены. Зімой 1906–1907 гг. жыў ва ўрочышчы Смольня, вёў прыватную школу. У траўні-чэрвені 1907 г. працаваў у газеце «Наша ніва» ў Вільні, быў загадчыкам літаратурнага аддзелу, але на загад паліцыі мусіў пакінуць Вільню. У 1908 годзе настаўнічаў у прыватнай школе ў вёсцы Сані Талачынскага раёна. 15 верасня 1908 г. за ўдзел у настаўніцкім зʼездзе і нелегальную дзейнасць быў асуджаны на тры гады, адбываў пакаранне ў менскім астрозе. У 1912–1914 гг. працаваў настаўнікам у 3-й прыходскай вучэльні ў Пінску
У час Першай сусветнай вайны разам з сям’ёй эвакуяваўся ў Дзмітраўскі павет Маскоўскай губерні, настаўнічаў у сяле Старыкава. У верасні 1915 мабілізаваны ў войска. Скончыў Аляксандраўскую ваенную вучэльню (Масква, 1916). Служыў у запасным палку ў Пярмі. Летам 1917 у чыне падпаручніка быў накіраваны на Румынскі фронт, але цяжка захварэў і быў эвакуяваны ў горад Абаянь на Куршчыне, дзе жыла ягоная жонка з дзецьмі. Працаваў там настаўнікам, школьным інструктарам. Паводле дэкрэту Савецкага ўрада ў пачатку 1918 камісаваны як настаўнік.
На выклік урада БССР у траўні 1921 пераехаў у Менск. Па прыездзе працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы, выкладаў у Менскім педагагічным тэхнікуме, у Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі на курсах настаўнікаў, займаўся навуковай дзейнасцю ў Інстытуце беларускай культуры. З дня ўтварэння Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1 студзеня 1929 г.) быў яе нязменным віцэ-прэзідэнтам. У 1935 г. удзельнічаў у рабоце Кангрэса ў абарону культуры ў Парыжы. У Вялікую Айчынную вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жнівень 1941 – лістапад 1943), Маскве, займаўся творчай і навукова-грамадскай дзейнасцю. У снежні 1944 вярнуўся ў Менск. Быў сябрам ЦВК БССР (1929–1931, 1935–1938), дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР (1946–1956) і БССР (1938–1956), старшынём Беларускага рэспубліканскага камітэту абароны міру. Народны паэт БССР. Акадэмік АН БССР. Сябра Саюзу пісьменнікаў СССР з 1934 г.