Як забівалі Менск: трагедыя Верхняга гораду

Верхні горад, Верхні Рынак, Высокае места – назва ўнікальнага раёну Менску, гістарычнага цэнтру беларускай сталіцы.

Ужо ў канцы XV ст. Менску было цесна і нязручна на нізкай і балоцістай пойме Нямігі і Свіслачы. Пачынаўся агульнаеўрапейскі дэмаграфічны і гаспадарчы ўздым. Горад актыўна разрастаўся на ўсіх навакольных пагорках. Галоўным гарадскім пасадам паступова станавіўся г.зв. Верхні горад, размешчаны на высокім і зручным для засялення беразе Свіслачы.

Падобнае адбывалася і ў іншых гарадах Беларусі, але ў Менску справа пайшла адметным шляхам.

Пасля аднаго з буйных пажараў у 1547 г. улады вырашылі скарыстацца сітуацыяй, менавіта – вызваленай, выпаленай пажарам прасторай дзеля стварэння правільна распланаванага новага цэнтру адпаведна прынятай у Еўропе рэнесанснай горадабудаўнічай традыцыі.

Вялікакняскія камісары пралічылі і адмералі новы гарадскі цэнтр: плошчу і пляцы-надзелы вакол яе. Менск атрымаў новы імпульс да развіцця. У сярэднявеччы і Новым часе планіроўка беларускіх гарадоў складвалася эвалюцыйна, без усялякіх доўгатэрміновых генеральных планаў. Фармавалася адпаведна еўрапейскаму мастацкаму стылю, уласціваму для сваёй эпохі. Але бязладдзя, хаосу ў забудове быць не магло.

Гарадская ўлада – магістрат – дакладна акрэслівала межы прыватных пляцаў, не дапускала замахаў забудоўнікаў на шырыню вуліцы, сачыла за вышынёй будынкаў, каб яна была прапарцыйнай адносна храмаў і г.д.

Паступова вакол плошчы – сённяшняй плошчы Свабоды – фармаваўся адметны архітэктурны ансамбль, галоўнымі дамінантамі якога акрамя ратушы сталі культавыя будынкі – каталіцкія і ўніяцкія храмы з кляштарамі: базыльянаў і базыльянак, бернардзінцаў і бернардынак, дамініканцаў і езуітаў. Бліжэй ці далей ад галоўнай плошчы пачалі будавацца магнаты і багатыя мяшчане.

Расейцы, заняўшы Менск у 1793 г., цягам ХІХ ст. не надта змянілі аблічча Верхняга гораду, хоць шкоды нарабілі. Пасля паўстання 1830 г. паводле загаду цара Мікалая І знеслі ратушу – сімвал гарадской вольнасці і еўрапейскасці. Касцёлы перарабілі ў праваслаўныя цэрквы, кляштары – у казармы. Жылая і ж адміністрацыйная забудова часоў расейскага панавання ў асноўным арганічна дапасавалася да ранейшай і на пачатак ХХ ст. Верхні горад канчаткова сфармаваўся як архітэктурны ансамбль.

Але сёння ад гэтай забудовы мала што засталося. Хто прынёс Менску найбольш стратаў: нацысты, савецкія ўлады ці інвестары часоў незалежнай Беларусі? Глядзіце новую серыю «Загадак беларускай гісторыі», у якой мы гуляем па Верхнім горадзе з гісторыкам Уладзімірам Дзянісавым (відэа ў пачатку артыкула).

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

belsat.eu

Больш матэрыялаў

Вусная гісторыя супраць савецкай прапаганды. Праўда простых людзей

Ідэальнае месца для фестываляў сярэднявечнае культуры

Мультыкультурны Менск пачатку ХХ стагоддзя – калыска геніяў

Лёс Анатоля Сыса як адлюстраванне лёсу краіны

Гісторык, які абгрунтаваў права беларусаў на сваю дзяржаву

Яны спрабавалі стварыць новае ВКЛ на пачатку ХХ ст.

Пад знакам паравоза. Як нарадзіліся Баранавічы?

Сакрэт замку Іказнь на Браслаўшчыне