Як з беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў ляпілі савецкіх людзей


Фота на застаўцы: gorod.tomsk.ru

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны насельніцтва Беларусі ды іншых, вызваленых ад нацызму савецкіх рэспублік, мела права спадзявацца, што жах нарэшце скончыцца. З’явіліся надзеі на спакойнае жыццё. Але вельмі хутка прыйшло расчараванне.

Савецкі рэжым не перастаў быць у сваёй аснове таталітарным, а гэта азначала наперадзе чакаюць сталінскія рэпрэсіі і ўсеадымны кантроль над грамадствам.

У 1950–60-я гады ў БССР, як і ў большасці савецкіх рэспублік, дзяржаўная палітыка была накіравана на інтэрнацыяналізацыю і ўніфікацыю нацыянальна-культурнага жыцця. На практыцы гэта праявілася ў татальнай русіфікацыі. Школы з нацыянальнай мовай навучання знікалі, а вучняў расейскамоўных вызвалялі ад вывучэння нацыянальнай мовы як прадмета. У выніку, у беларускім грамадстве родная мова была выцесненая на маргінальнае месца.

Іншым важным кірункам дзейнасці савецкай улады была барацьба з рэлігіяй. Гэта прынесла новыя выпрабаванні для святароў і вернікаў усіх без выключэння рэлігійных канфесіяў. Маральнага ціску і адміністрацыйных перашкод ім давялося зазнаць тады не менш, чым у перадваенныя «сталінскія» часы.

Пасляваенная палітыка саветызацыі Беларусі працягвала гвалтоўнае навязванне сацыяльна-эканамічных і палітычна-культурных сістэмных змен, а таксама ідэалагічны эксперымент над зменай свядомасці людзей. У выніку павінен быў нарадзіцца новы чалавек: homo soveticus – чалавек савецкі.

Як гэта адбывалася і чаго каштавала нашым народам, у студыі абмяркоўваюць:

Фелікс Акерман (Нямеччына), нямецка-польска-беларускі гісторык, супрацоўнік Нямецкага гістарычнага інстытуту ў Варшаве. Даследчык пасляваеннай штодзённасці ў нашым рэгіёне;

Алег Бажан (Кіеў, Украіна), гісторык, супрацоўнік Аддзелу гісторыі дзяржаўнага тэрору савецкага перыяду Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны;

Бірутэ Бураўскайтэ (Вільня, Літва), генеральны дырэктар Цэнтру даследавання генацыду і супраціву жыхароў Літвы;

Ян Шумскі (Варшава, Польшча) – польска-беларускі гісторык, доктар гісторыі, супрацоўнік Інстытуту гісторыі навукі Акадэміі навук Польшчы. Аўтар кнігі «Саветызацыя Заходняй Беларусі (1944 – 1953 гг.) Прапаганда і адукацыя на службе ідэалогіі».