Як раскрадаюць гістарычныя скарбы


Нядаўна на радзіму вярнуўся 500-гадовы меч мсціслаўскага рыцара. Яго незаконна вывезлі з Беларусі, каб прадаць, аднак гісторыкам і ўладам Мсціслава ўдалося вярнуць меч, і на гэтым гісторыя нібыта сканчаецца. Аднак яна выклікала падазрэнні журналістаў праграмы «Давайце разбіцца». Каманда Станіслава Івашкевіча правяла ўласнае расследаванне абставінаў вяртання каштоўнага артэфакту, у выніку якога на свет выйшлі цікавыя падрабязнасці.

У 2013 годзе чорныя капальнікі знайшлі даспехі і зброю рыцара канца XV – пачатку XVI стагоддзяў на беразе ракі Віхра, што пад Мсціславам. Меч забралі ды вывезлі за мяжу, а рэшту знаходак пакінулі мясцовым жыхарам, якія купаліся побач.

Старажытны меч мсціслаўскага рыцара. Фота tvrmogilev.by

«Рынкавы кошт рыцарскага комплексу – каля 100 тысяч долараў», – сцвярджае даследчык Андрэй Радкоў, тагачасны працаўнік Магілёўскага музею, які ўдзельнічаў у вяртанні скарбу.

Журналістка Вольга Ратмірава і гісторык Андрэй Радкоў

Падчас пошукаў мяча гісторык звярнуўся ў праваахоўныя органы. Аднак міліцыя заводзіць справу адмовілася.

«Па Вашым звароце пра тое, што ў рацэ Віхра каля г. Мсціслава знайшлі меч, які павезлі на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі, Мсціслаўскі РАУС правёў правяранне, у выніку якога пастанавілі яго спыніць, бо гэты факт свайго аб’ектыўнага пацверджання не знайшоў», – было ў афіцыйным адказе Мсціслаўскага РАУСу.

Беларускія навукоўцы працягнулі паляваць за мячом без падтрымання сілавікоў з дапамогаю замежных калегаў-гісторыкаў. След спачатку ўдалося намацаць ва Украіне, але ён згубіўся. У выніку пошукі прывялі на аўкцыён у Англіі. Скрадзены меч, з дапамогаю мясцовых уладаў, выкупілі працаўнікі Магілёўскага гістарычнага музею. Грошы шукалі самі працаўнікі.

«Давялося пазычыць буйную суму грошай, каб расплаціцца з аўкцыёнам, прывезці меч у Беларусь», – згадвае Андрэй Радкоў.

Нягледзячы на нібыта шчаслівы канец з вяртаннем каштоўнага артэфакту на радзіму, засталіся пытанні. Чаму чорныя капальнікі падарылі выпадковым мінакам артэфакты коштам дзясяткі тысяч долараў? І чаму сілавыя органы адмаўляліся весці пошукі ды рабілі ўсё, каб замяць справу? На прыкладзе гісторыі знікнення і вяртання старажытнага мяча журналісты праграмы разбіраліся, як працуе буйная сістэма рабавання беларускіх археалагічных багаццяў.

Праграму Станіслава Івашкевіча «Давайце разбірацца» глядзіце кожны другі чацвер а 19.05 тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4 A» (ранейшая назва «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.