Як казакі загубілі ВКЛ


Гэтая трагічная падзея, якая паўплывала на лёс сярэдневечнай Еўропы, адыграла важную ролю ў жыцці нашых продкаў. Але ў адрозненні ад нашых найбліжэйшых суседзяў, у Беларусі яна мала даследванная, а таму лічыцца чужой. Гаворка пра вайну ўкраінскіх казакоў, маскоўскай і шведскай дзяржаваў з Рэччу Паспалітай.

Вайна, якая ў XVII ст. закранула мільёны людзей, змяніла карту Украіны і спрычынілася да геапалітычных зменаў у Цэнтральнай ды Усходняй Еўропе. Дзе неўзабаве ўзмацніцца Расейская імперыя і дагарыць Рэч Паспалітая. І актыўным удзельнікам і ахвярай гэтай вайны, «крывавага» Патопу сталася насельніцтва Вялікага княства Літоўскага.

Усё пачалося на тэрыторыі Украіны з чарговага ўздыму казацкай няскоранасці ў 1648 г., на чале якога апынуўся вядомы гетман Багдан Хмяльніцкі. Але звыклы казацкі бунт хутка перарос у шматгадовую вайну. Біліся паміж сабою дзяржавы і народы, але таксама адчайна, супраць шляхты, біліся сяляне разам з казакамі. Падчас вайны ў гетмана Хмяльніцкага з’явіўся план стварэння новай дзяржавы, у межы якой ён хацеў уключыць беларускае Падняпроўе і Палессе. Наша гісторыя магла пайсці іншым шляхам.

З вясны 1648 г. Багдан Хмяльніцкі пачаў засылаць у паўднёва-ўсходнія раёны ВКЛ сваіх агітатараў, а затым і казацкія загоны, якія распачыналі тут баявыя дзеянні. З’яўленне казацкіх загонаў, на чале якіх было нямала беларусаў – палкоўнікі Бутрым, Грамыка, Крычэўскі, Ждановіч, Нячай, Хведаровіч, пацягнула за сабой масавае далучэнне да іх сялянства і мяшчанства.

Ужо летам 1648 г. на поўдні і ўсходзе Беларусі пачалася шырокая ўзброеная барацьба казацка-сялянскіх аддзелаў супраць шляхты, купцоў, магнатаў і каталіцкага духавенства, паступова перарастаючы ў грамадзянскую вайну. Жыхары Гомля, Мазыра, Лоева, Рэчыцы і Турава «ўсе паказачыліся і пакляліся адзін другому стаяць да апошняга». Казакі занялі таксама Чачэрск, Брагін, Бабруйск, Чэрыкаў, Пінск, іншыя беларускія гарады.

У выніку ваенных дзеянняў вялізныя абшары паўднёва-ўсходняй Беларусі былі спустошаны і выпалены. Зляканая шляхта ўцякла пад Наваградак і Горадню, каб там аб’яднацца вакол польнага гетмана Януша Радзівіла і пачаць антыказацкую дзейнасць, якая скончылася перамогай і захопам Кіева войскамі ВКЛ.

«Бітва за нацыянальную незалежнасць» і «святая вайна за праваслаўную веру», псеўданавуковая метафара барацьбы за «аб’яднанне з брацкім расейскім народам», эпахальная старонка нараджэння ўкраінскай дзяржавы – вось некалькі галоўных ракурсаў бачання гэтай эпохі ў навуцы і свядомасці нашых суседзяў – палякаў ды ўкраінцаў.

Украіна зрабіла з гэтай падзеі нацыянальны міф, Польшча – нацыянальную трагедыю. Але як было з Беларуссю ў той вельмі складаны час? У савецкі перыяд гэтыя падзеі прадстаўлялі як антыпольскія, антыліцвінскія, антыфеадальныя. Нібыта беларусы з казацкай дапамогай паўсталі супраць нацыянальнага і рэлігійнага ўціску, каб рэалізаваць сваю адвечную мару «аб’яднацца з брацкім расейскім народам». А як было насамрэч? Разбіраемся з нашымі экспертамі. У студыі ток-шоу «Intermarium»:

  • Міраслаў Нагельскі, гістарычны інстытут Варшаўскага ўніверсітэту (Польшча), доктар гістарычных навук;
  • Генадзь Сагановіч, доктар гістарычных навук (Менск), Цэнтр беларускіх даследаванняў (Варшава);
  • Тарас Чухліб, Інстытут гісторыі Украіны Нацыянальнай Акадэміі навук Украіны, доктар гістарычных навук;
  • Элмантас Мейлюс, інстытут гісторыі Літвы (Вільня), доктар гістарычных навук.