«Я звязаны з Вялікім княствам Літоўскім». Гісторык моды Аляксандра Васільеў – на выставе ў Менску


У Менск прыехалі раскошныя сукенкі, аксесуары, упрыгожанні з пачатку 20 стагоддзя – калі адзенне было ўзорам высокага густу і тонкага кравецкага майстэрства.

Калекцыю строяў розных эпохаў гісторык моды Аляксандр Васільеў пачаў збіраць, калі яму было ўсяго 16 гадоў. Сёння яна адна з найбуйнейшых – у ёй больш як 50 тыс. экспанатаў, якія захоўваюцца ў Маскве, Вільні ды Парыжы і вандруюць па выставах ва ўсім свеце.

Абцасы і карункі, што змянілі свет

На выставе – рэчы ад знакамітых куцюр’е: Іўа Сэна Ларана, Поля Пуарэ, Ко-ко Шанэль. Апроч таго, у калекцыі Васільева – адзенне, якое насілі зоркі тэатру ды кіно – напрыклад, строй ад моднага дому Шанэль, напрыклад, належаў балерыне Маі Плісецкай.

Проста падчас прэс-канферэнцыі свае канцэртныя сукенкі перадала ў калекцыю беларуская спявачка Ядвіга Паплаўская. Сам жа Васільеў распавёў, што паходзіць з Беларусі:

«І нават мая мама родам з Магілёўскай вобласці. Так што можа вам прыемна будзе ведаць, што я звязаны з вашай краінай і Вялікім Княствам Літоўскім».

На выставе можам пабачыць, як трансфармавалася мода пад уплывам гістарычных падзеяў. У пачатку стагоддзя куцюр’е Поль Пуарэ вызваліў жаночыя сукенкі ад гарсэтаў. Вытанчанасць і паветранасць строяў змянілася на зручнасць ды практычнасць пасля Першай сусветнай вайны. А далей – элегантнасць 30-х і ваенныя матывы 40-х, стылі унісэкс, хіпі, глэм-рок, дыска! Як быццам вокладкі модных часопісаў за некалькі дзесяцігоддзяў прагарталіся перад нашымі вачыма.

Аляксандра Дорская