«Я ніколі не бачыў такога жудаснага выбуху». Тэракт у Кабуле


Больш за 80 загінулых, прынамсі 350 – параненых. Моцны выбух у дыпламатычным квартале Кабулу паблізу амбасады Нямеччыны прагрымеў сёння зранку. Паводле мясцовых лекараў і паліцыі, колькасць ахвяраў можа павялічыцца.

Выбух у ранішні час пік у Кабуле забраў жыцці больш як 80 чалавек. Аўтамабіль, начынены выбухоўкаю, праехаў у ахоўны квартал, дзе размешчаныя амбасады еўрапейскіх краінаў.

«Выбух быў вельмі моцны. Нашую краму цалкам знішчыла. Аднаго з нашых рабочых даставілі ў шпіталь з раненнямі. Я ніколі не бачыў такога жудаснага выбуху ў сваім жыцці», – кажа відавочца Саед Рахман.

На адлегласці сотняў метраў ад эпіцэнтру выбуху пашкодзіла дзясяткі дамоў. Практычна ўсе забітыя і пацярпелыя – жыхары Кабулу.

«Я працаваў у офісе, калі адбыўся выбух. Упаў пад стол і атрымаў раненні ад разбітых шыбаў. Шмат хто з маіх калегаў таксама параніў шклом», – распавядае пацярпелы Забіхулах Мангаль.

Сярод пацярпелых ёсць работнікі нямецкай дыпламатычнай службы і японскай амбасады. Пасла Ірану параніла ў руку. Загінулі супрацоўнік афганскай службы Бі-Бі-Сі і журналіст афганскага навіннага агенцтва.

«Я ўвайшоў у свой кабінет за некалькі хвілінаў да выбуху. Выбух адбыўся ў той момант, калі мы селі працаваць. Пасля выбуху мы паспяшаліся ўніз і ўбачылі, што ўсё вакол разбуранае», – кажа аператар 1TV у Афганістане Дары Рахмін.

Паводле медыкаў і паліцыі, колькасць ахвяраў можа павялічыцца, бо параненыя працягваюць прыбываць у больніцы. Шмат пацыентаў – у цяжкім стане.

«Спачатку былі звесткі пра пяцьдзясят загінулых, але колькасць ахвяраў расце. Пашкоджаныя больш як трыццаць аўтамабіляў, але гэта папярэднія звесткі. Мы пачалі расследаванне выбуху», – заявіў прадстаўнік прэс-службы МУС Афганістану Наджыб Даніш.

За апошнія некалькі гадоў тэракты з выбухамі ў Кабуле ладзілі экстрэмісты групоўкі «Ісламская дзяржава», а таксама руху «Талібан». За сённяшні выбух ні адна з гэтых арганізацыяў пакуль не ўзяла на сябе адказнасці.

 

Ігар Виняўскі, Белсат