«Я адчула бязмежнае шчасце!» Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла пра візіт у Менск


Ці людзі мусяць пакідаць сваё месца нараджэння і вандраваць па свеце ў пошуку шчасця ды рэалізацыі планаў? Чым характэрная беларуская эміграцыя? Адказаць на гэтыя ды іншыя пытанні мы папрасілі старшыню Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонку Сурвілу.

Адная з найбольш знаных беларусак ХХ і ХХІ ст. большасць жыцця правяла на чужыне – у Даніі, Францыі ды Іспаніі, а апошнія гады – у Канадзе. Старшыня Рады БНР дала эксклюзіўнае інтэрв’ю нашай здымачнай групе ў Таронта.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

Як беларуска служыла ў французскім флоце

Анастасія Казубоўская-Пэле ўсё жыццё марыла стаць… мараком, а дакладней – марачкаю. Пасля трох курсаў юрфаку ЕГУ яна паехала вучыцца ў французскі Нант.

Там не толькі напісала доктарскую дысертацыю аб марскім праве ды сустрэла сваё каханне, але таксама паслужыла ў французскім флоце. Даслужыўшыся, нарэшце… да пасады ў Міжнароднай арганізацыі працы ў швейцарскай Жэневе. Штотыдзень на працу Наста лятае…з партугальскага Лісабону.

Беларусы ў Таліне займаюцца операй

У Талліне дзеіць Звяз беларусаў Эстоніі, якім кіруе Ніна Савінава – нарадзінка вёскі Лукава на Палессі.

Асацыяцыя гуртуе вакол сябе мясцовых беларусаў і прэзентуе нашую культуру эстонцам, а нават ладзіць оперныя інсцэнізацыі на аснове твораў сусветна вядомых маэстра.