Вёска з найгоршай рэпутацыяй


У Валожынскім раёне ёсць вёска Дубіна, якая на пачатку XX ст. мела вельмі нядобрую славу ў ваколіцы. Яна праславілася зладзеямі ды п’яніцамі, але жанчыну з Жодзіна тут усе акружылі любоўю.

Некалі ў Дубіне біліся так, што аж трашчалі косці. «Бі сваіх, каб чужыя баяліся», – бытавала тут колісь такая прымаўка. Падчас бойкі мясцовыя жыхары нават разбіралі брук, каб абкідаць праціўніка камянямі. Некаторыя прыходзілі на вечарыны нават са сваймі косамі ды сякерамі. Пра Дубіну казалі, што год жыцця ў гэтым сяле лічыцца за тры. Праз кепскую памоўку адсюль стараліся не браць жонак і не купляць ад мясцовых людзей парасят.

Больш за 30 гадоў сюды на працу па размеркаванні скіравалі маладую пчалярку з Жодзіна Тамару Каляду. Калі прыехала ў Дубіну, гараджанка не ведала, што яе тут чакае. У Дубіне спадарыня Тамара знайшла мужа. Праўда, ён заўчасна пайшоў з жыцця. Гадаваць двух сыноў, будаваць дом і весці гаспадарку жанчыне дапамагалі аднавяскоўцы.

«Тут жывуць залатыя людзі. Самыя найлепшыя ў свеце. Я ім усім бязмерна ўдзячная. А калі вітаюся з імі, то стараюся заўсёды ў знак удзячнасці схіліць перад імі галаву», – кажа спадарыня Тамара.

Былая гараджанка падкрэслівае, што ў Дубіне знайшла сваё месца, дзе ёй заўсёды прыемна і ўтульна. Спадарыня Тамара вывучае мінуўшчыну Дубіны, збірае старыя прыказкі, па каліву аднаўляе даўнія абрады і рамёствы. У Дубіне яна стварыла музей памяці мясцовага настаўніка, які пры ўсіх уладах імкнуўся, каб у ягоным сяле працавала беларускамоўная школка. Цяпер спадарыня Тамара разам з аднадумцамі ладзіць у музеі святы і майстар-класы, працягваючы асветніцкую працу настаўніка-патрыёта.

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы. І сачыце за намі ў Facebook.