Выбары-2020: хто здольны супрацьстаяць Лукашэнку?

Эпідэмія каронавіруса адсунула ўвагу грамадства бадай ад усіх іншых працэсаў, у тым ліку і ад выбараў прэзідэнта, якія маюць адбыцца сёлета да канца жніўня. І хоць многія пагаджаюцца, што выбары ў Беларусі – гэта фармальнасць, шэраг палітыкаў рыхтуецца да кампаніі. З чым яны ідуць да народу і што кажуць пра сцэнары змены ўлады ў Беларусі?

Здымачная група ток-шоу «Кожны з нас» запыталася мінакоў, хто мог бы скласці канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку на выбарах прэзідэнта. Дзіўна, але не прагучала амаль ніводнага імені – бо людзі іх проста не ведаюць. На думку старшыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, прыклаў руку да гэтага дзейны рэжым, які літаральна выкараніў апазіцыю:

«Тое, што беларускіх палітыкаў не ведаюць, – гэта праца дзейнага рэжыму! Бо ведалі Захарэнку і ведалі Карпенку, ведалі Саннікава пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года ды іншых кандыдатаў, якіх улада ці то знішчыла, ці то прымусіла з’ехаць з краіны, ці то зацкавала тут».

А ці варта ўвогуле хадзіць на выбары? Тут няма адзінай думкі.

«Гэта момант, калі грамадства можа хаця б дабіцца ад улады ўвагі і зрабіць так, каб улада потым «праз не магу», праз сілу, але ўсё ж пачала дзейнічаць у тым кірунку, які сёння патрэбны людзям», – мяркуе лідар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

Але ёсць людзі і арганізацыі, якія заклікаюць байкатаваць выбары, каб не патураць махлярству і не легітымізаваць сённяшні рэжым.

«Нельга сарваць тое, чаго няма», – іранічна заўважае палітык і былы палітвязень Мікалай Статкевіч, маючы на ўвазе недэмакратычнасць выбараў.

Старшыня ж Беларускай патрыятычнай партыі ды экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Улаховіч лічыць няяўку на галасаванне безадказнасцю.

«Гэта – не байкот, гэта – абыякавасць да свайго жыцця», – тлумачыць ён сваю пазіцыю.

Але ўдзельнікі ток-шоу «Кожны з нас» настаўленыя аптымістычна і рыхтуюцца да перадвыбарчай кампаніі. У студыі яны разважаюць над сваёй стратэгіяй ды горача дыскутуюць на тэму байкоту выбараў і змены ўлады ў Беларусі.

Госці: старшыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і каардынатар праймерыз Віталь Рымашэўскі, старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, палітык Ганна Канапацкая, прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычная грамады Сяргей Чэрачэнь, лідар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, старшыня Беларускай патрыятычнай партыі ды экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Улаховіч.

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

 

Больш матэрыялаў

«Я пабачыла тое, чаго ніколі не чакала ў медыцыне». Што адбываецца за дзвярыма больніцаў?

Не важна, чым скончацца выбары. Самае цікавае пачнецца пасля іх

«Прадай кватэру і на гэтыя грошы купі дзве». Ці варта рызыкаваць падчас крызісу?

Вялікая Айчынная вайна – прапагандысцкі міф ці нагода для гонару?

Рост коштаў, звальненні, галеча. Беларусь чакае вяртанне ў 1990-я

«Гэта біялагічная бомба». Дактары ды сваякі загінулых – пра каронавірус

Ні дыягназу, ні інваліднасці, ні пенсіі: чарнобыльцы распавялі, як іх ашукала дзяржава

Перамагчы смерць: беларусы распавялі пра цуды, што з імі сталіся