Да сёння дзяржаўная прапаганда па савецкай завядзёнцы робіць акцэнты, што вайна знянацку пачалася 22 чэрвеня 1941 года. Чаму гэта няпраўда?
«Насамрэч жыхары заходніх вобласцяў памяталі, што вайна пачалася 1 верасня 1939 года [пачатак Другой сусветнай вайны. – belsat.eu]. Дзясяткі тысячаў чалавек з першых дзён у складзе польскага войска ваявалі супраць нацыстаў, – тлумачыць Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук. – Жудасна прызнаваць, але Горадню, Берасце, Баранавічы Люфтвафэ пачало знішчаць у верасні 1939 года».
У той жа час кандыдат гістарычных навук Кузьма Козак лічыць, што Другую сусветную і Вялікую Айчынную войны не варта сумяшчаць праз рознасць паняткаў.
«Але для тых пяці мільёнаў з Заходняй Беларусі ў памяці пакаленняў жыве тое, што заўсёды вайна пачынаецца 1 верасня», – канчае думку спадар Козак.
З усіх рэспублік СССР Беларусь пацярпела найбольш. Нас захапілі маланкавымі тэмпамі. І гэта звязана не толькі з персанальнымі пралікамі Сталіна і тактыкаю бліцкрыгу, якую паспяхова ўжылі нацысты.
«Што датычыць Заходняй вайсковай акругі, недахоп каманднага складу быў прыблізна 18 тысячаў чалавек, – прыводзіць лічбы Ігар Кузняцоў, кандыдат гістарычных навук. – Некамплект на ўзроўні камандзіра ўзводу, камандзіра роты на дзень 22 чэрвеня 1941 года быў да 40 %. І гэта найперш звязана з рэпрэсіямі. Але супернік не ўлічыў савецкага менталітэту, калі трупамі завальвалі ўсё».
У праграме ўзяла ўдзел дачка легендарнага кіраўніка партызанскімі сіламі на Аршаншчыне Канстанціна Заслонава. Ягоным іменем у Беларусі названыя вуліцы і нават паселішчы.
«Ішла вайна паміж дзвюма страшнымі сіламі. Адну чорную сілу ўяўляў Гітлер. А іншую страшную сілу ўяўляў Сталін, – выказваецца спадарыня Іза. – І, калі Беларусі ўдалося выстаяць і адрадзіцца, гэта мае вялікае значэнне».
«Беларусы – народ-пераможца». «Подзвігу народу жыць у стагоддзях». Гэтыя тэзісы і праз 75 гадоў бясконца тыражуюцца. Ці абгрунтаваная такая сакралізацыя падзеяў? Чаму вайна і сёння нас не адпускае?
«Мы ўдзельнічалі ўва ўсёй Другой сусветнай вайне і ўва ўсёй Вялікай Айчыннай вайне. Па-другое, уся нашая тэрыторыя стала ў пэўным сэнсе еўрапейскім мемарыялам. Магілы не даюць забыцца пра гэтую вайну», – выказвае меркаванне кандыдат гістарычных навук Андрэй Кіштымаў.
Кузьма Козак разважае над тым, што вайна ў Беларусі – гэта найперш шырокі, масавы партызанскі рух, аналагаў якому няма нідзе ў свеце.
Гісторык Ігар Мельнікаў акрэслівае ключавую праблему, якая датычыць пазіцыі адносна Другой сусветнай вайны ў нашай краіне:
«Вельмі важным момантам ёсць тое, што ў нас да сёння не распрацаваны беларускі погляд на тыя падзеі».
За што сталінскія ўлады адпраўлялі настаўнікаў у ссылкі? Ці ўсе, каго назвалі калабарантамі, імі былі? Як здарылася, што беларускі доктар анатамаваў труп самага вядомага нацысцкага прапагандыста Гёбэльса? Пра ўсё гэта глядзіце ў прэм’ерным выданні ток-шоу «Кожны з нас».
Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.