Вірус падабраўся да Лукашэнкі. «Прасвет» з Алінаю Коўшык


«ПраСвет» пра рэальную карціну ў Беларусі ды за яе межамі. Тэмы праграмы:

Небяспечная гульня кіраўніка Беларусі

Лукашэнка абвінаваціў медыкаў у распаўсюдзе эпідэміі каронавірусу і асабіста працягвае ігнараваць базавыя захады бяспекі. Улады Беларусі не ўводзяць усе рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя для нашай краіны. Колькасць інфікаваных каронавірусам у Беларусі паводле афіцыйных звестак перакрочыла восем тысячаў. COVID-19 выявілі ўжо ў гульца хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі. У чым прычына такіх дзеянняў і куды можа прывесці такая стратэгія – у матэрыяле Змітра Міцкевіча.

Галоўная праблема ў змаганні з эпідэміяй у Беларусі. Інтэрв’ю з Андрэям Стрыжаком

Беларускім лекарам, якія змагаюцца з каронавірусам, не хапае асноўных сродкаў абароны ад інфекцыі. Дзяржава не здольная забяспечыць іх усім неабходным абсталяваннем. На дапамогу медыкам прыйшлі валанцёры і беларускі бізнес. Грамадская кампанія BYCOVID19 ужо месяц збірае ахвяраванні, вышуквае, закупае самае неабходнае і перадае ў шпіталі. У чым галоўная праблема ў змаганні з эпідэміяй у Беларусі з пункту гледжання валанцёраў? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з праваабаронцам Андрэям Стрыжаком, адным з каардынатараў гэтай ініцыятывы.

Беларуская АЭС: Заплацім пазней ды меней? А ці запусцім?

Расея пагадзілася не толькі перанесці выплаты крэдыту за будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. Масква знізіла стаўку па дзесяцімільярднай пазыцы ледзь не ўдвая. Ці можна лічыць гэта перамогай беларускага боку, і што далей са шматпакутнай АЭС, якая паводле першапачатковага плану мелася б працаваць ужо трэці год? Патлумачыць Усевалад Шлыкаў.

Кошты на нафту пайшлі ў мінус. Чаму гэта кепска для эканомікі Беларусі?

На гэтым тыдні здарылася гістарычная падзея. Кошт амерыканскай нафты маркі WTI дасягаў мінусавай адзнакі. Аналітыкі сцвярджаюць: гэта пачатак новай эпохі, да якой галоўныя гульцы рынку змогуць прыстасавацца. Як адмоўная цана на нафту закране Беларусь і паўплывае на нашых суседзяў – Расею ды Украіну? Разбіралася Святлана Аўчарова.

Каронавірус, засуха і неўраджай. Падаражэюць мяса і малако?

Больш як трыццаці краінам свету праз каронавірус можа бракаваць ежы. Да такой высновы прыйшоў кіраўнік Сусветнай харчовай праграмы ААН Дэйвід Бізлі. Да неўраджаю можа прывесці не толькі пандэмія, але і анамальныя засухі ды пажары. Наколькі кліматычныя выклікі пагражаюць і Беларусі, разбіралася Наста Ільіна.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.