Валейбольная «Мянчанка» марыць пра ўласную арэну

Валейбол у Беларусі застаецца ў ценю іншых гульнявых відаў. Тут не круцяцца такія грошы, як у хакейным «Дынама» ці футбольным БАТЭ. Нават на фоне гандболу і баскетболу ў плане фінансаў ды інфраструктуры ўсё выглядае не надта добра. Тым не менш жаночая каманда «Мянчанка», якую ўзначальвае заўсёды пазітыўны і аптымістычны Віктар Ганчароў, рэгулярна прыцягвае ўвагу СМІ ды заўзятараў на спартовых форумах.

Увесну 2018-га «Мянчанка» дамаглася неймавернага для беларускага валейболу поспеху, дайшоўшы да фіналу Кубка ЕКВ. Гэта другі паводле значнасці турнір пасля Лігі чэмпіёнаў. У змаганні за трафей нашыя дзяўчаты саступілі турэцкаму «Эджзаджыбашы», які незадоўга да таго перамагаў і ў згаданай Лізе чэмпіёнаў, і ў клубным чэмпіянаце свету. А ў сезоне 2018/2019 «Мянчанка» упершыню згуляла ў расейскай Суперлізе, пра што Віктар Ганчароў доўга марыў, бо гэты турнір сваім узроўнем значна пераўзыходзіць чэмпіянат Беларусі. Дэбютны сезон склаўся не надта ўдала: дзявятае месца з 12 і «пралёт» паўз плэй-оф.

Аднак галоўны трэнер звык ува ўсім шукаць станоўчыя моманты. Віктар Ганчароў, галоўны трэнер каманды «Мянчанка»:

«Гульня каманды выглядала добра. Каманду любяць. Прычым не толькі ў Беларусі, а паўсюль – за свой почырк, за нежаданне саступаць. Я ўдзячны дзяўчатам за тое, што яны так ставяцца да справы, гуляючы за асноўны клуб Беларусі. І я ні з кім не пагаджуся, што ў нас быў няўдалы чэмпіянат».

У новым сезоне склад «Мянчанкі» будзе трохі адрознівацца ад таго, што быў у мінулым. Віктар Ганчароў распавёў пра кадравыя змены, што каманда зазнала летам:

«У нас дзве легіянеркі з Расеі – Наталля Думчава і Вольга Багданава, якія прайшлі праз шмат камандаў. Выйшла з дэкрэту Надзея Уладыка. Хоць яна яшчэ і аднаўляецца, але апошнія дзве гульні правяла на добрым узроўні. У нас ёсць такая пляжніца, як Віка Сакрэтава. Я ўжо даўно запрашаў яе ў класічны валейбол. Калі пляжны валейбол быў на ўздыме, у мяне не было маральнага права туды лезці. Але калі я пабачыў, што ўзровень пляжнага валейболу трохі падае, мы запрасілі яе сюды, абмеркавалі пытанні. Вярнулася з арэнды Насця Канановіч. Ёй трэба проста злавіць дух нашай каманды, зразумець, чым мы дыхаем».

Акрамя складу, абнавілі і гульнявую форму. Праўда, аўтэнтычнага беларускага васілька прыбіраць з яе не сталі. Вера Франкевіч, адміністратарка каманды «Мянчанка»:

«У нас дзяўчаты вельмі любяць ружовы колер. У гэтым сезоне мы пастанавілі ім яго максімальна даць. Ну і чыста з практычных меркаванняў белыя майкі не вытрымліваюць цэлага сезону, каб застацца белымі і прыгожымі. А ад нашага васілька мы не адмаўляемся, бо ён вельмі ўсім спадабаўся».

Вікторыя Панасенка, лібэра каманды «Мянчанка»:

«Нам заўсёды падабаецца тая форма, якую робіць для нас Вера Франкевіч. Яна адказвае за дызайн. Заўсёды да апошняга трымае таямніцу. Мы бачым новую форму толькі на першай гульні або на каманднай фотасесіі».

У верасні «Мянчанка» ужо паспела згуляць у папярэднім этапе валейбольнага Кубка Расеі ў Калінінградзе. Атрымаўшы перамогі ў трох матчах і прагуляўшы два, клуб трапіў у паўфінальную стадыю. Дарэчы, Віктар Ганчароў заявіў, што быў бы шчаслівы, калі б фінальны этап спаборніцтваў прайшоў у Менску. Але грошай на яго арганізацыю клуб папросту не мае:

«Мяркую, гэта пайшло б на карысць беларускаму валейболу і глядацкаму інтарэсу. Гэта былі б тры найлепшыя каманды плюс «Мянчанка». Але фінансава мы не здолеем пацягнуць гэтай махіны. Бо за ўсё павінныя плаціць мы».

Адная з найбольш істотных праблемаў для «Мянчанкі» – адсутнасць уласнае пляцоўкі. Мінулымі гадамі міжнародныя хатнія двубоі каманда праводзіла ў спартовым комплексе «Уручча», які належыць Міністэрству абароны. Там таксама гуляе гандбольны СКА і міні-футбольная «Сталіца». Пра тое, каб займець уласны «дом» у найбліжэйшай перспектыве, пакуль не вядзецца, але ўсе ў клубе вельмі гэтага хочуць.

«Што датычыць вылучэння плошчы пад забудову, то гэтае пытанне нібы можна развязаць. Але ўсе хочуць, каб мы адразу прыходзілі з інвестарам і грашыма пад будаўніцтва. Пакуль інвестара мы не знайшлі, але працуем у гэтым кірунку. Хочам знайсці арганізацыю (магчыма, замежную), якая пойдзе нам насустрач і ажыццявіць нашую мару пра будаўніцтва ўласнага «дому», – распавядае Сяргей Рускевіч, намеснік старшыні ВК «Менск».

«Мянчанка» з кожным сезонам выглядае ўсё больш упэўнена. Апошнімі гадамі каманда здабыла на еўрапейскіх і расейскіх арэнах вялізны досвед. Хацелася б, каб неўзабаве здабыла і ўласную арэну. Змаганне за спонсара для каманды пакуль настолькі ж важнае, як і змаганне за спартовыя вынікі.

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu

Больш матэрыялаў

ЦВК троліць Ганну Канапацкую?

Як мастачка дапамагае ў барацьбе з COVID-19

Лукашэнка душыць плошчу ў зародку

Інтэрвʼю з былым супрацоўнікам АНТ Дзмітрыем Врангелем

Майстрыца з Падляшша натхняецца беларускай народнай традыцыяй

Культура супраць рэпрэсіяў

Рэакцыя сведкі на суд Ціханоўскага

ЦВК скрала 300 000 подпісаў Бабарыкі