Валанцёрка – уладам: «Разбярыце адну рэзідэнцыю, здайце на металалом! Ды зрабіце хоць нешта!»


Моладзь у час пандэміі каронавіруса не стала чакаць загадаў і распараджэння, а самаарганізавалася дзеля дапамогі насельніцтву.

«І мне незразумела і вельмі крыўдна, і не толькі мне: чаму наша дзяржава, дзяржапарат, маючы такія магчымасці, не робіць нічога? Разбярыце адну рэзідэнцыю, здайце на металалом, гэтыя лядовыя палацы, да зрабіце хоць нешта!» – кажа моладзевая актывістка Вераніка Яновіч.

Калі стала вядома, што нашым медыкам крытычна не стае сродкаў абароны, моладзевыя актывісты наладзілі вытворчасць масак. На вытворчасць здымачную групу не пусцілі з прычыны бяспекі. Разам з матэрыяламі валанцёры атрымліваюць дэталёвыя інструкцыі аб тэхналогіі шыцця.

«Мы раіліся з лекарамі наконт таго, якія маскі ім патрэбныя зараз, і мы шылі маскі і завозілі ім, каб яны глядзелі, падыдуць ім гэтыя маскі або не», – распавядае Вераніка.

Першапачаткова медыкі прасілі шматразовыя маскі – з марлі, якія можна стэрылізаваць. Гэта б забяспечыла іхныя патрэбы надоўга. Аднак цяпер з марляю зусім цяжка. Па-першае, яе фактычна не знайсці, па-другое, адзін рулон каштуе каля 500 рублёў. Яго хапіла б, каб нашыць прыкладна 1000 шматразовых масак. Таму даводзіцца выкарыстоўваць іншы матэрыял.

«Гэта спанбонд. Нягледзячы на тое, што тут чатыры слаі, гэта маска аднаразовая, яе хопіць на дзве-тры гадзіны», – кажа валанцёрка.

Hавiны
Як працуе ініцыятыва ByCovid19? Вялікі фотарэпартаж
2020.04.17 08:00

Іншыя моладзевыя актывісты паклапаціліся аб правах людзей сталага веку на атрыманне важнай інфармацыі: для захавання здароўя і жыцця ў час пандэміі.

«Пакуль мы зрабілі 12,5 тысячы [улётак]. Дакладней, 17,5 тысячы замовілі, 12,5 надрукавалі. У Лунінец пойдзе 1200 штук. У Бабруйск – 200, 250 – у Гомель, 500 – у Магілёў. Па Менску 300 ужо аддалі, яшчэ 100 трэба перадаць. Для ЖКГ і на транспарт некалькі тысячаў», – распавёў нам каля друкарні моладзевы актывіст Валер Тамілін.

Улёткі ды плакаты з інфармацыяй пра небяспеку каронавіруснай інфекцыі ды пра неабходныя меры бяспекі адмыслова зробленыя вялікім шрыфтам.

«У асноўным па горадзе перасоўваюцца асобы сталага ўзросту. Маладыя – якраз у ізаляцыі», – тлумачыць ініцыятыву з улёткамі Валер Тамілін.

Надрукаванае маладзёны развозяць па паліклініках, крамах, камунальных прадпрыемствах. Таксама актывісты расклейваюць плакаты ў месцах, дзе інфармацыю змогуць пабачыць больш асобаў сталага веку. Актывісты мараць, каб улёткі з’явіліся на кожным пад’ездзе.

У час барацьбы з каронавіраснаю інфекцыяй падтрымаць гэтыя ды іншыя ініцыятывы можна на платформе molamola.by.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • У Менску працаўнікі не бачаць ні заробкаў, ні кіраўніцтва
  • Пра дыстанцыйную працу і выплаты – у рубрыцы «Ведай свае правы!»
  • Беларусы – пра COVID-19
  • Студэнтку адлічылі, калі яна была ў самаізаляцыі

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.